БДІПЧ расчаравана беларускімі ўладамі
У Бюро па дэмакратычных інстытутах і правох чалавека АБСЕ расчараваныя адсутнасцю рэальнага жадання ў беларускіх уладаў дэмакратызаваць выбарчае заканадаўства. Паводле кіраўніка бюро Яніза Лянарчыча, ніякіх стасункаў з афіцыйным Менскам з траўня ў іх не было.
У аўторак прадстаўнікі апазіцыі – Анатоль Лябедзька і Станіслаў Багданкевіч правялі сустрэчу з кіраўніцтвам БДІПЧ АБСЕ. Яны хацелі даведацца пазіцыю бюро адносна магчымых заменаў у выбарчае заканадаўства, якія абяцалі зрабіць беларускія ўлады. Аднак, як высветлілася, гэтая тэма засталася таямніцай не толькі для апазіцыі, але і для міжнародных экспертаў, кажа Анатоль Лябедзька:
- Апошнія камунікацыі, якія ў іх былі – гэта ў траўні месяцы з Мацкевічам (дырэктар Нацыянальнага цэнтра законапраектнай дзейнасці пры прэзідэнце. – аўт.). І далей ніякіх зрухаў. Таму аптымізма ў іх значна паўбавілася, і яны зараз знаходзяцца нават крыху ў разгубленасці. Пра што дамовіліся? Ну вось спадар Багданкевіч і ягоныя калегі думаюць запрасіць на слуханні па зменах у выбарчае заканадаўства, якія мы спадзяемся ўсё ж адбудуцца, экспертаў БДІПЧ АБСЕ, каб сумесна з імі правесці такія слуханні.
Паводле Анатоля Лябедзькі, кіраўніцтва БДІПЧ здзіўляе той факт, што беларускія ўлады на словах кажуць пра тое, што вельмі зацікаўленыя ў тым, каб наступныя прэзідэнцкія выбары былі прызнаныя дэмакратычнымі, але на самой справе нічога не хочуць рабіць ў гэтым кірунку.