Конкурс на лепшы прынт па тэме “Цішоткі вольных беларусаў”
Што мы ведаем пра свабоду, якой яе ўяўляем і хочам бачыць у Беларусі? Прапануем творча адказаць на гэтае пытанне ў выглядзе ДЫЗАЙНЕРСКАГА ПРЫНТА.
Калі Вы час ад часу забаўляецеся ў фоташопе ці корале, альбо творча здзекуецеся над фотаздымкамі сяброў, альбо з’яўляецеся сапраўдным патрыётам і ад усяго сэрца жадаеце, каб Беларусь была вольнай, альбо Вы малады ці дасведчаны дызайнер, які хоча зарабіць грошаў – удзельнічайце ў конкурсе, прапаноўвайце свае варыянты “Цішоткі вольнага беларуса”.
Толькі памятайце - Ваш прынт павінен стаць сапраўдным адлюстраваннем вольнасці і здаровага патрыятызму маладых беларусаў.
Да 29 лістапада на паштовую скрыню tishotka@tut.by мы прымаем распрацаваныя Вамі варыянты малюнкаў (прынтоў), якія ў далейшым магчыма знойдуць увасабленне на цішотках беларусаў.
Усе конкурсныя працы будуць змешчаны на афіцыйным сайце кампаніі: tishotka.blog.tut.by
Пераможцы конкурса “Цішоткі вольных беларусаў” атрымаюць грашовыя ўзнагароджанні за першае, другое і трэцяе месца ў памеры 400, 300 і 200 тыс. бел. рублёў адпаведна.
Плануецца, што лепшыя працы разам складуць невялікую выставу ў галерэі сучаснага мастацтва “Ў” (пр-т Незалежнасці, 37а).
Усе ўдзельнікі конкурса па распрацоўцы малюнкаў пасля яго заканчэння ў якасці падарункаў атрымаюць цішоткі з прынтамі пераможцаў.
Патрабаванні да прац:
· кожны малюнак павінен быць пазначаны наступным чынам: Імя і прозвішча Назва Размяшчэнне (Перад ці Спіна);
· разам з малюнкам АБАВЯЗКОВА пазначце імя, прозвішча, узрост, паштовы адрас для перасылкі цішоткі, e-mail, тэлефон.
Тэхнічныя патрабаванні да прынтоў:
· вектарная графіка: прымаюцца файлы звярстаныя ў Corel Draw 12 (*.cdr), Adobe Illustrator 12 CE (*.ai), FreeHand 10 (*.eps), версіі дадаткаў могуць быць і ранейшымі;
· растравая графіка: прымаюцца файлы звярстаныя ў (*.tif), Adobe Photoschop (*.psd);
· толькі ў выключных выпадках прымаюцца працы ў іншых фарматах: (*.png), (*.gif), (*.jpeg);
· макет павінен быць выкананы ў маштабе 1:1 (памер вёрсткі павінен адпавядаць памеру для далейшага друку на цішотцы).
Журы конкурсу:
Вольга Кузміч - каардынатар творчага сеціўнага рэсурсу Generation.bY;
Vinsent - рэп-выканаўца;
Валярына (Валерыя Кустава) - паэт, літаратар, перакладчык;
Юрась Губарэвіч - палітык, намеснік старшыні Руху “За свабоду”;
Глеб Лабадзенка - журналіст, пісьменнік.
Дасылаючы працы на конкурс, удзельнік аўтаматычна пацвярджае права на далейшае выкарыстанне прынта ў межах кампаніі.