viasna on patreon

Амбасада Расеі накіравала ноту пратэсту ў МЗС Беларусі

2009 2009-10-13T10:02:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ambasadapasei.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Дыпмісія пратэстуе супраць арышту на 7 сутак расейскага фізіка-атамшчыка Андрэя Ажароўскага. Папярэднюю інфармацыю пра здарэнне амбасада Расеі атрымала 9 кастрычніка. Нота перададзена 12 кастрычніка ў консульскі аддзел МЗС для высвятлення дэталяў таго, што адбылося.

Нагадаем, увечары 9 кастрычніка каардынатар групы «Экозащита» (Масква) фізік-атамшчык Андрэй Ажароўскі быў прысуджаны судом Астравецкага раёна Гарадзенскай вобласці да сямі сутак арышту па абвінавачванні ў дробным хуліганстве.

Ажароўскі быў затрыманы 9 кастрычніка ў Астраўцы, куды прыехаў для ўдзелу ў грамадскіх слуханнях, прысвечаных папярэдняй справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе беларускай АЭС. Ён бы дастаўлены ў мясцовае аддзяленне міліцыі, дзе ў яго канфіскавалі 94 друкаваныя матэрыялы пад назвай «Крытычныя водгукі адносна папярэдняй справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе беларускай АЭС». У момант затрымання Ажароўскі, паводле яго словаў, не раздаваў друкаваныя матэрыялы. «Яны ляжалі ў пакеце, і я планаваў раздаць іх падчас слуханняў, — сказаў экаабарнонца ў інтэрв'ю БелаПАН. — Да мяне падышлі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным і чалавек па прозвішчы Свірыд, які назваўся супрацоўнікам дырэкцыі АЭС, што будуецца. Ён мне сказаў, што забараняе праносіць у залу крытычныя заўвагі па будаўніцтве АЭС».

На судзе з боку абвінавачвання выступілі сем сведак, з якіх пяцёра — супрацоўнікі праваахоўных органаў і яшчэ двое — дзяўчыны-валанцёры. З боку абароны выступілі тры сведкі.

Як гаворыцца ў пастанове суда, сведкі з боку абвінавачвання паказалі, што пры правядзенні слуханняў па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (ОВОС) у кінаканцэртнай залі ў цэнтры Астраўца Ажароўскі каля гэтага памяшкання «паводзіў сябе абуральна ў дачыненні да асобаў, якія былі побач, прадстаўнікоў улады і грамадзянаў, кінуўшы пакет з друкаванай літаратурай спрабаваў патрапіць у будынак, але яго хуліганскія дзеянні былі прыпыненыя». У выніку, на думку суду, «быў, несумнеўна, парушаны парадак у грамадскім месцы, і ўсе дзеянні гэтага правапарушальніка працягваліся доўгі час — 15—20 хвілінаў». Сумневаў у «аб'ектыўнасці і дакладнасці» паказанняў сведак з боку абвінавачвання ў суда не ўзнікла.

«Наўмысныя дзеянні правапарушальніка маглі перашкодзіць правядзенню мерапрыемства па ОВОС ў г.п. Астравец і выяўляліся ў відавочнай непавазе да грамадства», — адзначаецца ў пастанове суду.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства