Дэпутат Абрамава накіравала запыт міністру інфармацыі
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава накіравала міністру інфармацыі Уладзіміру Русакевічу запыт з нагоды дзеянняў уладаў у дачыненні да "Народнай волі" і "БДГ. Деловая газета". Пра гэта 11 кастрычніка паведаміла інфармацыйнае агенцтва БелаПАН.
"Прашу адказаць Вас на пытанне, што абазначаюць фармулёўкі для датэрміновага скасавання дамоваў, раней заключаных з УП "Народная воля" адпаведна УП "Белсаюздрук" і ТАА "Чырвоная зорка"?", - пытаецца дэпутат. "Наколькі я зразумела, рэдакцыю звінавачваюць у апублікаванні ў сродках масавай інфармацыі звестак і матэрыялаў, якія супярэчаць заканадаўству Рэспублікі Беларусь... Мне незразумела, што хаваецца за гэтым расплывістым вызначэннем..."
В. Абрамава адзначае, што санкцыі ў дачыненні да газеты звязаныя са "справай Гайдукевіча" і што рэдакцыя цалкам выканала свае матэрыяльныя абавязкі па судовым рашэнні. "Што перашкаджае аднавіць выпуск і рознічны гандаль выдання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь?" - задае пытанне міністру інфармацыі В. Абрамава. Пры гэтым яна адзначае, што яе хадайніцтва аб аднаўленні друку і масавага распаўсюду ў Беларусі датычыць не толькі "Народнай волі", але і "БДГ. Деловая газета".
БелаПАН нагадвае, што "Народная воля" з пачатку кастрычніка друкуецца ў Смаленску і распаўсюджваецца па падпісцы і праз грамадскіх распаўсюднікаў. "БДГ. Деловая газета" друкуецца ў Расіі ўжо паўтара гады і распаўсюджваецца толькі праз прыватных кур'ераў.