viasna on patreon

Затрыманні за раздачу газет

2009 2009-09-30T17:04:33+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/tovarisch.jpg

Каля 15.15 непадалёк ад прахадной Мінскага трактарнага завода затрымалі старшыню Партыі камуністаў Беларускай Сяргея Калякіна, які раздаваў рабочым на ўваходзе газету «Товарищ».

Пра гэта паведаміў прэс-службе ГА «БАЖ» сябра арганізацыі Генадзь Кеснер, які прысутнічаў на акцыі ў якасці карэспандэнта газеты «Новы час». Праз некалькі хвілін ён ператэлефанаваў паўторна і паведаміў, што людзі ў цывільным вядуць кудысьці і яго — нібыта для праверкі дакументаў.

Пэўны час журналіст не адказваў на тэлефанаванні. Каля 16.10 ён выйшаў на сувязь і паведаміў, што знаходзіцца ў УУС Партызанскага раёна г. Мінска, куды яго прывезлі ў аўтазаку разам з Сяргеем Калякіным. У журналіста былі пры сабе журналісцкія пасведчанні, якія ніхто не правяраў.

Намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец звязаўся з дзяжурным РУУС, які заявіў, што інфармацыі пра затрыманне журналіста ў іх няма. Юрыст запэўніў, што інфармацыя правераная і што Генадзя Кеснера затрымалі пры выкананні службовых абавязкаў, і запатрабаваў вызваліць нашага калегу. 

Каля 16.30 журналіст паведаміў, што ў яго праверылі дакументы і адпусцілі, папрасіўшы прабачэння за памылковае затрыманне.

«У чарговы раз супрацоўнікі беларускіх праваахоўных органаў парушылі прафесійныя правы журналіста. Верасень увогуле аказаўся „ўраджайным“ на гэткія прыкрыя выпадкі — тое, што адбылося 9, 16-га верасня і сёння, варта разглядаць у адным шэрагу. Адметна, што гэта адбываецца на фоне заяў беларускага кіраўніцтва пра паляпшэнне сітуацыі са СМІ. Але гэтыя факты сведчаць пра разыходжанні паміж тэорыяй і практыкай», — пракаментаваў сітуацыю намеснік старшыні ГА «БАЖ» Андрэй Аляксандраў.

Нагадаем, што на мінулым тыдні ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» накіравала звароты да пракурора г. Мінска Мікалая Куліка і міністра ўнутраных спраў Анатоля Куляшова з нагоды перашкодаў, якія міліцыя чыніла журналістам 16 верасня.

У прыватнасці, арганізацыя заклікала сталічнага пракурора забяспечыць «прыцягненне да адказнасці асобаў, якія аддавалі і выконвалі загады на стварэнне перашкодаў журналісцкай дзейнасці» і «патрабаваць ад ГУУС Мінгарвыканкама, іншых праваахоўных органаў безумоўнага выканання патрабавання заканадаўства аб СМІ».

Міністра ўнутраных спраў БАЖ таксама заклікала «высветліць, хто аддаваў і выконваў загады на стварэнні перашкодаў прафесійнай дзейнасці журналістаў, і прыцягнуць вінаватых да адказнасці». І, акрамя таго, «яшчэ раз давесці да службовых асобаў і іншых супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, што журналісты падчас масавых акцый, як і супрацоўнікі міліцыі, выконваюць свае прафесійныя абавязкі».

P.S.: Па інфармацыі галоўнага рэдактара газеты «Товарищ» Сяргея Вазняка, ля Мінскага аўтазавода затрымалі сакратара ПКБ Валерыя Ухналёва — таксама за раздачу газеты «Товарищ».

Паводле прэс-службы Аб’яднаных дэмакратычных сіл, лідэра АГП Анатоля Лябедзьку і актывіста партыі Аляксандра Сцепаненку таксама затрымалі ў раёне Камароўскага рынку, калі тыя раздавалі мінакам незарэгістраванае маланакладнае выданне «Глоток воздуха». Абодвух адвезлі ў Савецкі РУУС, дзе адабралі бюлетэні і адпусцілі пасля складання пратаколу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства