viasna on patreon

Гісторыкі просяць міністра ратаваць палац у Сьвяцку

2009 2009-09-29T13:10:56+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/palac.jpg
Палацава-паркавы комплекс у Сьвяцку занядбаны

Палацава-паркавы комплекс у Сьвяцку занядбаны

Група гарадзенскіх гісторыкаў зьвярнулася да міністра культуры Беларусі Паўла Латушкі з просьбай ўзяць лёс палаца ў Сьвяцку пад асабістую апеку і паспрыяць ягонаму аднаўленьню.

Гісторыкі ў сваім лісьце нагадваюць міністру пра ўнікальнасьць помніка ХVIII ст., пра тое, што ўнутры будынка яшчэ захаваліся ўнікальныя інтэр’еры, аналягічных якім у Беларусі няма.

За тры гады, калі будынак перасталі эксплуатаваць (да гэтага тут знаходзіўся тубэркулёзны санаторый), у палаца амаль цалкам разбурылася зьліўная сыстэма, пачалі імкліва разбурацца сьцены (звонку па іх сьцякае вада, а ўнутры яны пакрыліся тоўстым слоем цьвілі і моху), у вокнах ня стала амаль паловы шыбаў.

Гісторыкі нагадваюць міністру, што палацава-паркавы комплекс у Сьвяцку, пабудаваны для магнатаў Валовічаў італьянскім архітэктарам Джавані Сакам ў ХVIII ст. — бадай адзіны твор архітэктара, які дайшоў да нас фактычна ў нязьменным выглядзе.

Нагадаю, што тры гады таму палац быў перададзены на балянс Кіраваньня адукацыі Гарадзенскага райвыканкама. Нібыта ад пачатку ім цікавілася прадстаўніцтва расейкага “Газпраму” у Беларусі. Неаднойчы ён выстаўляўся на аўкцыён. Яшчэ сёлета зьяўлялася інфармацыя, што яго перадаюць на балянс Нацбанка. Але ўсё застаецца бяз зьменаў і ўнікальны палац працягвае разбурацца.

Тое, што ўчора можна было аднавіць за некалькі мільёнаў беларускіх рублёў, — пішуць аўтары ліста, — сёньня абыдзецца дзяржаве ў сотні тысяч даляраў.

Пад лістом паставілі свае подпісы Андрэй Вашкевіч, Андрэй Чарнякевіч, Юры Гардзееў, Ігар Лапеха і Алесь Смалянчук.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства