ПЦ “Вясна” зьбірае факты катаваньняў
ПЦ “Вясна” на дадзены момант зьбірае факты выкарыстаньня катаваньняў і іншых відаў жорсткага абыходжаньня ў дачыненьні да людзей, якія былі затрыманыя за ўдзел у гэтых мірных акцыях. Юрыст і праваабаронца Валянцін Стэфановіч упэўнены, што гэта варта рабіць у любым выпадку, незалежна ад таго, наколькі сёньня магчыма дабіцца прыцягненьня вінаватых да адказнасьці:
– Мы рыхтуем скаргі ў пракуратуру, і на сёньняшні дзень такіх скаргаў у пракуратуру Цэнтральнага раёну пададзена ўжо 6. У іх мы ставім пытаньне аб узбуджэньні крымінальных справаў адносна супрацоўнікаў міліцыі, якія перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы. Мы адназначна расцэньваем факты зьбіцьця затрыманых у аўтобусах, РУУС як катаваньні. У сувязі з тым, што падобныя дзеяньні насілі, па мой погляд, яўна дэманстратыўны характар, і гэта, нажаль, ужо зьяўляецца такой пэўнай сістэмай, мы вырашылі зьвярнуцца ў тым ліку і ў міжнародную арганізацыю па супрацьдзеяньню катаваньняў ОМСТ , якая знаходзіцца ў Жэневе, каб яны ў сваю чаргу зьвярнулі ўвагу на гэтую праблему і праз Міністэрства замежных справаў зьвярнулі ўвагу нашага ўраду на гэтыя факты. Да таго ж ОМСТ шчыльна супрацоўнічае з Камітэтам па катаваньнях ААН, а Рэспубліка Беларусь ратыфікавала Канвенцыю супраць катаваньняў і мусіць прытрымлівацца міжнародных стандартаў у гэтай галіне.
Бо, безумоўна, звароты ў пракуратуру, сьведчаньні судова-медыцынскай эксьпертызы на момант фіксацыі цялесных пашкоджаньняў, - усё гэта важна, але я не магу прыгадаць за ўвесь час працы “Вясны” ніводнага выпадку, каб супрацоўнік міліцыі быў прыцягнуты да вызначанай законам адказнасьці за перавышэньне ім сваіх службовых паўнамоцтваў у дачыненьні да дэмакратычных актывістаў, за выкарыстаньне фізічнай сілы ў парушэньне “Закону аб міліцыі”. Адпаведна, з гэтага таксама можна зрабіць пэўныя высновы. Апошнія факты сьведчаць, што вось такая беспакаранасьць выклікае з боку супрацоўнікаў міліцыі ПМСП зноўку ж адчуваньне беспакаранасьці, і гэта вельмі кепская тэндэнцыя, бо можа калі-небудзь прывесьці да вельмі сумных наступстваў. Мы ведаем, што БХК зьвярнуўся з лістом да міністра ўнутраных з прозьбай аб асабістай сустрэчы для абмеркаваньня існуючай практыкі прымусовага спыненьня мірных акцыяў. Мы таксама плануем зьвярнуцца да кіраўніка МУС з лістом, каб ён правёў працу з асабістым складам Палку міліцыі сьпецыяльнага прызначэньня на прадмет веданьня “Закону аб міліцыі”, сваіх службовых паўнамоцтваў, а таксама аб статусе супрацоўніка міліцы Рэспублікі Беларусь. Бо, нават калі не браць пад увагу, што людзей зьбівалі, кідалі на падлогу і тапталі нагамі, то так як сябе паводзяць і размаўляюць супрацоўнікі міліцыі, яны ня мусяць сябе весьці: падобную лексіку, тыпу “сейчас вас отпетушат” і т.п., ужываюць хіба што нейкія бандыты, крымінальнікі, але ж ня мусяць сябе так паводзіць супрацоўнікі праваахоўных органаў як прадстаўнікі ўлады. І мне падаецца, міністру ўнутраных справаў варта задумацца над гэтым, калі ён дбае пра прэстыж свайго ведамства.
Таму мы зьвяртаемся да пацярпелых – калі ласка, мы будзем радыя дапамагчы кожнаму скласьці заяву ў пракуратуру і засьведчыць факт неправамоцных дзеяньняў з боку міліцыі. Калі-небудзь, яны абавязкова панясуць адказнасьць за гэта!