Кніга пра Аляксандра Лукашэнку ”Жыцьцё для народу” забракаваная Міністэрствам інфармацыі з-за нізкага мастацкага ўзроўню
74-гадовы Мікола Жыгоцкі, кандыдат у сябры Саюзу пісьменьнікаў і зямляк Аляксандра Лукашэнкі, падрыхтаваў да друку кнігу з працоўнай назвай — “Жыцьцё для народу”, прысьвечаную прэзыдэнту. У працэсе збору матэрыялу спадар Жыгоцкі сустракаўся з аднавяскоўцамі, сваякамі і былымі сябрамі кіраўніка краіны і перакананы, што такая “чалавечная” кніга пра першую асобу дзяржавы падрыхтаваная ўпершыню. Аднак, паводле аўтара, Міністэрства інфармацыі неабгрунтавана марудзіць з узгадненьнем кнігі дзеля хутчэйшага накіраваньня яе ў друк. Упраўленьне выдавецкай дзейнасьці Міністэрства інфармацыі днямі вярнула рукапіс аўтару з фармулёўкай “нізкі мастацкі ўзровень”.
На думку Міколы Жыгоцкага, ня выключана, што адказных чыноўнікаў насьцярожвае адыход ад звыклай хронікі ў апісаньні палітычнай дзейнасьці Лукашэнкі і вяртаньне ў яго дапрэзыдэнцкую біяграфію, у якой было месца і заняткам фэрмэрствам, і працы ў “зоне”, і выхаваўчай працы сярод мэханізатараў саўгасу “Гарадзец”.
Ва ўпраўленьні выдавецкай дзейнасьці Міністэрства інфармацыі карэспандэнту радыё Свабода паведамілі, што рукапіс вернуты аўтару з-за “нізкага мастацкага ўзроўню працы”, якая ледзьве не на 50% грунтуецца на газэтных артыкулах. “Біяграфічныя творы, прысьвечаныя кіраўніку краіны, безумоўна, патрэбныя, але ствараць іх павінны спэцыяльныя, адукаваныя людзі, а не дылетанты”, — рэзюмавала суразмоўніца.
Гэта ўжо другі выпадак, калі за неадпаведную якасьць адхіляецца мастацкі твор пра Аляксандра Лукашэнку. Год таму мастацкая камісія забракавала партрэт Галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі Лукашэнкі працы цяпер ужо нябожчыка Аляксандра Пуцейкі. Тады падставай да падобнага вэрдыкту стаў “аматарскі ўзровень карціны”.