viasna on patreon

Мінская абласная пракуратура па-свойму тлумачыць Закон аб друку

2005 2005-10-07T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пракуратура Мінскай вобласці не задаволіла скаргі галоўнага рэдактара газеты "Борисовские новости" Анатоля Букаса на папярэджанне, вынесенае яму пракурорам г. Барысава. Кіраўніцтва абласной пракуратуры ўпэўненае, што журналіст не мае права абнародаваць не толькі матэрыялы суда, але і сваё меркаванне пра яго. Як паведаміў ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" А. Букас, цяпер ён збіраецца звяртацца са скаргай у Пракуратуру РБ.
У лісце, які падпісаў 29 верасня намеснік пракурора вобласці Кампанец, сцвярджаецца, што А. Букас няправільна трактуе ч.2 арт. 5 Закона "Аб друку і іншых СМІ", лічачы, што забаронена публікаваць толькі копіі дакументаў, што знаходзяцца ў крымінальнай справе. Сп. Кампанец лічыць, што арт. 5 забараняе не толькі распаўсюд інфармацыі, атрыманай у ходзе судовага слухання крымінальнай справы, але і "давядзенне да ведама чытачоў асабістых вымыслаў аўтара". У лісце ўказваецца, што "пісьмовага дазволу на апублікаванне якіх-небудзь артыкулаў пра дадзены судовы працэс да ўступлення прысуду ў законную сілу" ні аўтару публікацыі, ні рэдакцыі "Борисовских новостей" не давалася.
"Пракурор прадэманстраваў пашыральнае тлумачэнне закона. Ён падмяніў паняцце "матэрыялы судовай справы" (распаўсюд якіх сапраўды абмежаваны Законам аб друку) паняццем "артыкул пра судовы працэс". Гэта недазваляльна", - лічыць намеснік старшыні ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Андрэй Бастунец. "Тым самым пракурор фактычна "адмяніў" Закон аб друку, а таксама прынцыпы галоснасці судовага разбіральніцтва і свабоду выказвання і перакананняў, зацверджаныя Канстытуцыяй". А. Бастунец звяртае ўвагу на тое, што ў публікацыях, за якія папярэдзілі А. Букаса, не ўтрымлівалася ніякіх цытат з матэрыялаў справы: журналіст уласнымі словамі пераказваў тое, што ўбачыў і пачуў на адкрытым судовым паседжанні, а таксама свае меркаванні аб працэсе.
Нагадаем: 25 жніўня пракуратура г. Барысава вынесла афіцыйнае папярэджанне Анатолю Букасу. Падставай для папярэджання сталі 2 карэспандэнцыі пад назвай "Суд проходил в одни ворота", апублікаваныя ў №№26 і 27 газеты ў чэрвені - ліпені г.г. і прысвечаныя судоваму працэсу па крымінальнай справе ў дачыненні да А. Букаса. На думку пракуратуры, у гэтых карэспандэнцыях быў парушаны арт. 5 Закона аб друку, які забараняе апублікаванне альбо абнародаванне не завершаных вытворчасцю матэрыялаў судовай справы без пісьмовага дазволу суддзі. Пракуратура сцвярджае, што прысуд па справе А. Букаса ўступіў у законную сілу ўжо пасля з'яўлення згаданых публікацый: хаця суд Барысаўскага раёна вынес рашэнне яшчэ 16 чэрвеня, касацыйная інстанцыя пацвердзіла яго толькі 22 ліпеня. Такім чынам, да гэтага часу судовая справа была не завершаная вытворчасцю, - палічылі у пракуратуры.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства