Мінская міліцыя гатовая да масавых затрыманьняў (дапоўнена)
Кастрычніцкая плошча сёньня ўвечары – самае небяспечнае месца ў сталіцы Беларусі. Усіх, хто мае падазрона “апазіцыйны выгляд”, неадкаладна затрымліваюць супрацоўнікі міліцыі разам з пераапранутымі спецслужбоўцамі. У 17-50 паблізу ля плошчы быў затрыманы актывіст Сяржук Карповіч. Пра гэта ён паспеў паведаміць па тэлефоне. Прычыну затрыманьня міліцыянты не каментуюць.
Між тым, у дварах каля плошчы заўважаныя некалькі аўтазакаў. Відаць, у страху чыноўнікаў вочы вялікія.
Радыё “Свабода” таксама паведамляе, што перад заплянаванай на 18 гадзін акцыяй “Не — расейскай акупацыі!” на падыходзе да Кастрычніцкай плошчы затрымалі актывіста прадпрымальніцкага руху Алеся Макаева.
18:05: На Кастрычніцкай плошчы пачалася акцыя пратэсту супраць уводу расейскіх войскаў. Яе арганізатарамі выступілі старшыня «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч, адзін з лідэраў партыі БНФ Віктар Івашкевіч, намеснік старшыні аргкамітэту Народнай Грамады Аляксандр Арастовіч, лідэр Руху «Разам» Вячаслаў Сіўчык, каардынатар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка. На Плошчы цяпер каля 40 чалавек. Яшчэ на падыходах былі затрыманыя Зміцер Дашкевіч і Зміцер Каспяровіч.("НН")
18:11. Усяго яшчэ да пачатку акцыі было затрымана 7 чалавек. Затрыманы прадпрымальнік Аляксандр Макаеў. Каардынатар «Хартыі‑97» Зміцер Бандарэнка разгарнуў расцяжку «Russian аrmy, go home!». Спецназаўцы пачалі адбіраць расцяжку, пры гэтым збівалі Бандарэнку. Потым праваабаронцу зацягнулі ў міліцэйскі аўтобус.
Яўген Афнагель быў затрыманы пасля таго, як разгарнуў бел‑чырвона‑белы сцяг. Усяго затрымана каля 10 чалавек. ("НН")
18:20.
18:33. Па звестках карэспандэнтаў "Нашай Нівы", акцыя скончылася. Удзельнікі праспявалі «Пагоню», некалькі разоў выгукнулі «Жыве Беларусь!», пасля чаго разышліся. Агулам затрымана больш за 20 чалавек.
18:54. Затрыманых адвозяць у Цэнтральны РУУС.
Акцыю на Кастрычніцкай жорстка разганяюць
Адразу па 18-й гадзіне пачалася зачыстка плошчы. Удзельнікаў акцыі моцна зьбіваюць, закідаюць у аўтобус, зьбіваюць жанчын, агрэсіўна ставяцца да журналістаў.(Радыё "Свабода")