viasna on patreon

Прафесар Юры Бандажэўскі заклікае: “Падумайце, што будзе заўтра!”

2005 2005-10-07T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

З прафесарам, былым рэктарам Гомельскага медінстытуту Юрыем Бандажэўскім мы пазнаёміліся ўжо пасьля ягонага ўмоўна-датэрміновага вызвалення з калоніі, хаця лёс навукоўцы хваляваў нас, як і многіх праваабаронцаў у сьвеце, ужо не адзін год.
Па роду сваёй дзейнасьці ўсе гэтыя гады мы больш надзялялі ўвагі прававому складніку “справы Бандажэўскага”, зараз жа мы змаглі пагутарыць і пра сьветапогляд, перакананьні, прынцыпы Юрыя Іванавіча. Сьпецыяльна для Праваабарончага цэнтру “Вясна” – інтэрвью з прафесарам Бандажэўскім.

Даведка
Ю. Бандажэўскі быў арыштаваны 13 ліпеня 1999 году, 18 чэрвеня 2001 году ваенная калегія Вярхоўнага суда прызнала прафесара вінаватым у атрыманьні хабару і прысудзіла 8 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці, пазбаўленьнем права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў тэрмінам на 5 гадоў. На падставе законаў аб амністыі 2002 і 2004 гадоў тэрмін пакараньня быў скарочаны на два гады. 31 студзеня бягучага году камісія папраўчай калоніі-пасяленьня №26 у пасёлку Гезгалы Дзятлаўскага раёну Гарадзенскай вобласьці адмовіла зьняволенаму ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні. Вызвалілі яго 5 жніўня ў межах амністыі, абвешчанай прэзідэнтам да 60-годзьдзя заканчэньня Другой сусьветнай вайны.
Ю. Бандажэўскі вядомы дасьледваньнямі на тэму ўплыву на здароўе чалавека малых дозаў радыяцыі. Ён аўтар больш як 240 навуковых працаў. “Міжнародная Амністыя” прызнала яго вязьнем сумленьня, лічачы, што Бандажэўскага асудзілі ў сувязі з тым, што ён адкрыта крытыкаваў дзеяньні беларускіх уладаў пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
У 2001 годзе Ю. Бандажэўскі стаў 25 чалавекам у сьвеце, які атрымаў Пашпарт Свабоды, які дае права свабодна перамяшчацца па Еўропе і выбіраць у якасьці месца жыхарства любую краіну кантыненту.

 Юры Іванавіч, вы ужо на свабодзе, хаця, вядома, пакуль гэтая свабода абмежаваня. Якія адчуваньні і бліжэйшыя планы?
 На свабодзе, вядома, лягчэй, чым у турме. Хаця пасьля таго, што мне прыйшлося перажыць за апошнія гады, чалавек ня можа адчуваць цалкам свабодным. Перш за ўсё таму, што ня маю магчымасьці рэалізаваць тое, чым жыву, ня маю магчымасьці прымяніць свае сілые перш за ўсё ў працы, у навуцы, ня маю магчымасьці рэалізавацца так, як я хацеў бы. І, вядома, усе фармальнасьці ва ўзаемаадносінах са зьнешнім сьветам таксама пэўным чынам зьмяніліся.
 Вы шкадуеце пра страчаны час і магчымасьці?
 Я не шкадую пра тое, што адбылося, у мяне няма настальгіі па тых магчымасьцях, якія ў мяне былі раней. Тое, што я мог на той момант рэалізаваць у навуцы, я рэалізаваў. І ўсё ж раней, знаходзячыся ў такой жосткай арганізацыйнай структуры, я ня мог цалкам адкрыта выказаць уласныя думкі, хаця і ўтрымаць мяне было цяжка. Пастаянна адчуваўся прэс, а зараз я не належу нікому, і калі спрабуюць на мяне ціснуць, навязаць сваё меркаваньне, нічога не атрымаецца.
 Увесь час, пакуль вы адбывалі пакараньне, вас суправаджалі праблемы са здароўем. А як зараз вы сябе адчуваеце?
 Праблемы засталіся. Але я ведаю свае хваробы, якія зьвязаныя ня толькі з маім арганізмам, але і з узьдзеяньнем усяго таго, што нас акаляе – зьнешнім, схаваным узьдзеяньнем. Калі гэтае ўзьдзеяньне адчуваецца, усё абвастраецца. Хваробы, вядома, нікуды не сышлі – проста я іх прымусіў маўчаць. Дзеля гэтага ёсьць уласная, выпакутаваная сістэма.
Калі раней я быў заўзятым матэрыялістам, упэўненым, што ўсё матэрыяльна нават сыходзячы са сваёй прафесіі, то зараз усё зусім па-іншаму. Я разумею, што мы выконваем ролю, якая нам прадвызначаная, і ўсё, што з намі адбываецца фізічна, ужо духоўна вызначана. І як мы гэта ўсё разумеем, узаемадзейнічаем, супраціўляемся, настройваемся – так яно і будзе.
Перад выхадам з турмы ў калонію-пасяленьне я настолькі сябе настроіў, што калі праводзілі тэсты, спрабавалі нешта знайсьці, каб не адпусьціць, нічога сурьёзнага не знайшлі. Потым раптам абвал – я, відаць, ня быў гатовы і не згрупіраваўся, прапусьціў некалькі ўдараў: тяжэйшая паталогія страўніка, адрываюцца мышцы. Да зімы мы спрабавалі гэты абвал ліквідаваць. Затым я прыехаў на пасяленьне, хата зусім непрыстасаваная, пачынаюцца маразы, мне адмаўляюць ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні – і пачынаецца тяжкая паталогія печані і падстарўнікавай залозы, зусім безпадстаўныя. Гэта энэргетычныя праблемы. Калі ўзьняцца над матэрыяльным сьветам, то зразумела – мне не хапала энергіі. І тут я атрымліваю некалькі вельмі важных лістоў падтрымкі і абсалютна нечакана знаходжу тое, што мне патрэбна. Калі ў 2002-2003 гадах была такая ўвага да мяне ў Францыі, некалькі гарадоў прысвоілі мне званьне ганаровага грамадзяніна – я адчуў сябе значна лепей. Тут і разумееш, што жыцьцё – гэта нешта асаблівае. Я магу сказаць: могу быць хворым, а магу здаровым. Я сёньня здаровы, таму што хачу быць здаровым, прымушаю сябе быць здаровым. А ўвесь той пласт паталогіі, які існуе, калі я сябе трохі адпушчу, вылезе, і можна вельмі хутка загінуць. Я кірую сваім здароўем, наколькі ў мяне атрымліваецца.
 Гэта медыцынскі падыход ці нешта іншае?
 Я проста ўжо разумею медыцыну на больш высокім узроўні. Мы павінныя адыходзіць ад блізарукасьці ў медыцыне. Я разумею, што ўсё значна глыбей, чым проста прызначыць таблеткі і вызначыць дыягназ. Гэта было б занадта проста. Да ісьціны шлях складаны. На жаль, у тым грамадзтве, у якім я працаваў, гэтыя погляды непрыймальныя.
 Якім вы сёньня бачыце сваё месца ў навуцы?
 Перш за ўсё – гэта мой сьвет, які быў заўсёды са мной. Уявіце сабе 16-гадовага хлопчыка, вельмі музычнага, якому прадказваюць кансерваторыю, але які нечакана для ўсіх захварэў навукай – яго цягне ў прыроду, біялогію, медыцыну, ён пачынае далучацца да навукі і сыходзіць у яе. Калі я паступіў, у летнія перыяды, калі ў бібліятэцы нікога не было – канікулы, я штурмаваў кніжкі, на фармуляры якіх я быў першым чытачом, а кніжкі ляжалі гадоў па пяцьдзесят. Я прасіжваў у анатамічцы днямі і начамі. Акрамя таго – пастаянныя развагі. Дома – агромністая колькасьць клетак з хамякамі, я ўжо пачаў ставіць эксьперыменты, вазіць іх вынікі ў інстытут біяхіміі. Пераламіць мяне ніхто ня мог. Мама мне казала, што я павінны ўпісацца ў грамадзтва, і я гэта разумеў. Але гэты сьвет у мяне быў. Калі я скончыў інстытут, адразу ж пайшоў у ардынатуру па патанатоміі. Усе зьдзіўляліся – з такім высачэнным балам каб ісьці працаваць патолагаанатамам, трэба любіць гэтую працу. Мяне цікавіла прычына ўзьнікненьня многіх захворваньняў, перш за ўсё раку. У 26 гадоў – я кандыдат, у 32 гады – ужо дыпламаваны доктар навук, адзін з самых маладых дактароў у Савецкім Саюзе, прафесар са сваёй навуковай школай. Калі я апынуўся ў Гомелі, дзе 9 гадоў ствараў інстытут, са мной ужо нічога немагчыма было зрабіць. Супрацьдзейнічаць мне на маёй пляцоўцы было немагчыма. Калі праз паўтары гады прыехала камісія, яна была зьдзіўленая зробленаму. Бо гэта былі 92-93 гады: Савецкі Саюз разваліўся, вакол бардак, а ў нас ВНУ ствараецца, мы выпускаем людзей, да нас людзі едуць і вучыцца, і працаваць.
 Але потым былі 1999 год – абвінавачаньне, 2001 год – турма…
 Гэты сьвет я панёс з сабой у турму. Мае дзёньнікі, кніга “Філасофія майго жыцьця” – гэта ўсё адтуль. Я занатоўваў думкі, ідэі, якія наведвалі мяне. Калі мне толькі вынесьлі прысуд і прывезьлі праз некалькі тыдняў у загон на Кальварыйскай, я сядзеў і пісаў артыкулы, якія потым былі надрукаваныя. Складаныя артыкулы з пункту погляду рэгуляторных працэсаў, разуменьня, але я іх запісваў фактычна начыста. Мозг працаваў няспынна. Іншая справа, што ўмовы, у якіх я знаходжуся, мяняюцца. Зараз у мяне поўны балкон жывёлаў, яны гатовыя да эксьперыменту. Дзе гэта будзе, я ня ведаю, але ведаю, што я яго зраблю. Складана, таму што людзі баяцца са мной кантактаваць. Я іх разумею, але ўсё роўна буду працаваць. Іншая справа – магчымасьці для працы.
 Вы спрабавалі вярнуцца ў “сістэму”?
 У сістэму я не вярнуся. Я нават не хачу вяртацца. Як можна вярнуцца ў сістэму з поглядамі, якія абсалютна не адпавядаюць тым, якія там прапаведуюцца? Абсалютна немагчыма. Уявіце, калі я буду на кафедры чытаць лекцыю пра паталогію печані і сярод фактараў буду казаць, што гепатыт і цыроз печані зьяўляюцца радыяцыйна індуцыраванай паталогіяй. Мне не дазволяць гэтага сказаць. Гэта скончыцца канфліктам. У такім выпадку лепш даіць кароў. Калі браць пытаньне прыніжэньня навуковай годнасьці і вернасьці сваім навуковым прынцыпам, то тут ня буду зарабляць грошы. Мінздраў адказаў на запыт з калоніі-пасяленьня, дзе я знаходзіўся апошнім часам, што працы для Бандажэўскага няма. Я ў Мінздраў не зьвяртаўся і зьвяртацца ня буду. У мяне падыход да ацэнкі сітуацыі зусім іншы. Калі раней я моцай свайго аўтарытэту, улады, узаемадзеяньняў спыняў гэтае супрацьдзеяньне, то як толькі мяне ня стала, усё зьмянілася, зьнішчана. Куды тут ісьці? Для мяне там месца няма. Хаця калі нават будуць разумець, то адкрыта не пагодзяцца, таму што афіцыйная дактрына зусім іншая. І застаецца захоўваць сваю годнасьць, весьці сваю працу. Зараз французы спрабуюць арганізаваць лабараторыю для такіх дасьледваньняў, фармуюць дакументы, прававую базу, а якім будзе адказ ураду і юрыдычных органаў – паглядзім. Таму раблю зараз тое, што магу. Калі я сябе ня буду настройваць на лепшае, на тое, што ўсё ў рэшце рэшт атрымаецца, я проста прападу, у мяне нічога не застанецца.
 У чым усё ж прычына вашага шматгадовага адхіленьня ад нармальнага жыцьця і працы?
 Я думаю, што і адрозьненьні ў разуменьні праблемаў здароўя людзей, і як найбольш вострая праблема – Чарнобыль. Менавіта Чарнобыль переканаў тых, хто не хацеў мяне бачыць, у тым, што я не патрэбны ў такой сітуацыі. Я ў гэтым не сумняваюся. У вялікай краіне, якім быў Савецкі Саюз, было лягчэй абараняць сваю праўду. Прывяду маленькі прыклад. Калі мне было гадоў 27-28, мы вывучалі ўплыў аднаго з прэпаратаў, імунастымулятар, на разьвіцьцё зародыша і арганізм цяжарнай жанчыны. Прэпарат гэты быў рэкамендаваны пры цяжарнасьці. Мне захацелася праверыць адну гіпотэзу, паколькі мы выйшлі на некаторыя зьявы, якія мне былі зусім незразумелыя. Гэты прэпарат прапаноўваў не хто-небудзь, а спадарыня Ярмольева, якая стварыла савецкі пеніцылін. Я напісаў запіску ў фармакалагічны камітэт з просьбай разгледзець гэтае пытаньне і адмяніць прэпарат. Камісія падтрымлівае гэтую прапанову. Пасьля гэтага мяне пачалі пазнаваць усюды. Гарадзенская лабараторыя стала на ўзроўні саюзнай, яе адразу ж унесьлі ў рэестр. Я заўсёды быў упэўнены ў сабе і спадзяваўся толькі на сябе, а навуковыя вынікі для мяне былі вышэй за ўсё. Калі гэта навуковая ісьціна, то я за яе гатовы ісьці куды заўгодна. І таму я думаю, што мяне з маімі поглядамі абсалютна ня будуць успрымаць у нашай сітуацыі. Зараз ня той перыяд для таго, каб навуковая ісьціна была на першым месцы. Замова, ціск, жаданьне атрымаць пэўны вынік, а навука на замову ня робіцца.
 Добра калі лабараторыя будзе зарэгістраваная і пачне працаваць. А калі не?
 Калі тут ня будзе ўмоваў для працы, мяне таксама тут ня будзе. Калі ў мяне будзе магчымасьць выбіраць, я буду працаваць там, дзе будзе гэтая магчымасьць. І справа тут ня ў тым, што ў мяне няма парыятызму, але калі грмадзтва не жадае ўспрымаць тое, што яму гаворыць член гэтага грамадзтва і турбавацца пра захаваньне сябе самога, я нічога не магу зрабіць. Навука павінна належаць сёньня ўсім тым людзям, якія хочуць ведаць праўду і мець інфармацыю дзеля таго, каб далей жыць. Калі будуць такія прапановы – я прыму іх. Але пакуль я знаходжуся ў сітуацыі зьняволенага гэтай дзяржавы, я ня маю права за яе межы выехаць.
Як бы мне цяжка ні было, я закрываю вочы і пачынаю думаць. Гэта магчымасьць зазірнуць у будучыню, якую ніхто ня бачыць, а ты ўжо ўсё выбудаваў, стварыў пастулаты. Я памятаю гомельскую турму, калі мне вынесьлі 8 гадоў: я ляжаў у медізалятары, было горача і ў мяне зьявіліся думкі, якія я пачаў занатоўваць, будаваць праграму. Наперадзе 8 гадоў, а я ляжу, усьміхаюся і нават сьпяваю, малюю гэтыя рэчы. Чалавек сам гаспадар свайго лёсу. Хаця так, тяжкая гэта справа турма, але ты сам сабой павінен кіраваць. Я ня скарджуся зараз, што ў мяне няма магчымасьці недзе працаваць, практычна зьвязаныя рукі, таму што я выкарыстоўваю кожную магчымасьць для таго, каб прайсьці свой шлях.
 Хто ўсе гэтыя нялёгкія гады быў з вамі, дапамагаў?
 Перш за ўсё сямья. Бясспрэчна, мая жонка, Галіна Сяргееўна, правяла велізарную працу. У мяне былі добрыя кантакты з замежнымі навукоўцамі, мяне няблага ведалі, і калі выйшла ўся праўда, доказы майго пункту гледжаньня, мае запісы і адкрытыя лісты, справаздачы, выступы – адразу стала зразумелай перадгісторыя. Зьявіліся сябры па духу, з многімі з якіх я нават не сустракаўся. А тыя, хто называліся сябрамі, калі ў мяне была ўлада, шмат хто адсыпаўся. Цёплыя словы магу сказать адносна сваіх студэнтаў, вучняў, нягледзячы на тое, што я вельмі патрабавальны быў выкладчык – мае студэнты ўжо тады, калі я ня быў рэктарам, атрымаўшы дыпломы з рук іншых людзей, усе прыйшлі да мяне, выклікалі мяне ў парк, сфатаграфаваліся. І потым яны ўвесь гэты час, калі была магчымасьць кантакту, давалі пра сябе знаць. Моладзь цяжка падмануць, гэта потым яе гэтаму навучаць, гэта потым, патрапіўшы ў сістэму, яны пачынаюць хітраваць і хлусіць. Як толькі мяне арыштавалі, тут жа зьліквідавалі кафедру і вялікі музей, які намі ствараўся. А на той базе мы зрабілі 26 кандыдацкіх дысертацыяў. Баяцца адкрытай, рэзкай праўды. Вядома, у кожнага свая праўда, але для таго ж і існуе плюралізм меркаваньняў. Ісціна знаходзіцца ў кантакце. Але калі існуе толькі адно меркаваньне, то якім бы яно ні было добрым сёньня, заўтра яно можа быць зусім іншым. Сёньня праблема ў адсутнасьці магчымасьці выказваць сваё меркаваньне. Пакуль я не кранаў радыяцыйных праблемаў, мяне цярпелі, і я нават пасьпеў атрымаць прызнаньне, але калі я закрануў праблему, зьвязаную з вельмі вялікімі інтарэсамі – усё. Калі мяне пыталіся, чаму я зьязджаю ў Гомель – бо ў мяне ўсё было, я сказаў, што не хачу хадзіць па колу. Відаць, сам лёс мяне кінуў у чарнобыльскую праблему.
 Калі меркаваць па інфармацыі, якую мы зараз атрымліваем з афіцыйных крыніцаў, то ствараецца ўражаньне, што на Гомельшчыне ўсё нармалізавалася – будуюцца аграгарадкі, засяваюцца палеткі, зьбіраецца ўраджай. Ці сапраўды гэта так?
 Каб гэта зразумець, трэба хаця б трохі азнаёміцца са статыстычнымі дадзенымі. Нават па афіцыйных крыніцах насельніцтва Беларусі за першае паўгодзьдзе бягучага году скарацілася амаль на 29 тысячаў – пра гэта паведамляе Міністэрства статыстыкі і аналізу. Гэта тое, што нельга схаваць. Гэта зьвязана ня толькі з эканамічнай нестабільнасьцю, але і з экалогіяй, з тым, што людзі проста ня хочуць нараджаць. А чаму? Таму што гарманальны ўзровень тестастэрону і экстрагену ў арганізмах зьніжаны, пры такой сітуацыі нават жаданьня мець блізкасьць няма. Гэта экалагічна абумоўленая сітуацыя. Мы праводзілі дасьледваньні незадоўга да майго арышту, вынікі якога часткова абнародаваныя. Бралі ў Буда-Кашалёве падлеткаў. У дзяўчынак назіралася інверсія гарманальнага ўзроўню. Сітуацыя такая, што ў іх замест жаночых палавых гармонаў вялікія паказчыкі мужчынскіх. А тлумачыцца гэта проста: калі такі патагенны агент, як радыёнулід цэзій пашкоджвае метахондрыі – сілавыя станцыі клеткі, у якіх адбываецца абмен усіх рэчываў, зьвязаных з выпрацоўкай гармонаў, то, натуральна, парушаецца іх стварэньне. І атрымліваецца, што інверсія гарманальнага фону ў дадзеным выпадку ў чалавека зьвязаная з тым, што гармоны жаночай сферы, якія больш складана ўтвараюцца, утвараюцца ў недастатковай колькасьці, і ў дзяўчат зьяўляецца высокі ўзровень тэстастэрону, які не дае магчымасьці высьпяваць жаночым палавым клеткам.
 Гэтая сітуацыя характэрная для нашай краіны толькі дваццаць гадоў, пасьля Чарнобылю?
 Беларусь сутыкнулася з радыяцыяй задоўга да Чарнобылю. Гэта перш за ўсё наземныя і падземныя ядзерныя выбухі, якія былі паўсюдна. Праблема ў тым, што людзі вельмі мала ведаюць. Пра гэта яшчэ ў 1974 годзе было напісана ў кнізе “Забруджваньне цэзіем атмасферы”. Гэтая кніжка трапіла да мяне даволі позна, але я ўсё ж пасьпеў вывучыць гэтую інфармацыю. Там супрацоўнікі інстытуту біяфізікі Савецкага Саюзу казалі пра даволі высокі узровень, але не казалі пра шкоденасьць радыяцыі для арганізму чалавека. Яны паказвалі, што ўсё Палесьсе, Пінск, Столін былі забруджаныя, пачынаючы з 50-60 гадоў. Гэта выбухі, абсалютна бяздумныя, а іх было шмат, вайсковыя вучэньні з ядзернымі баегалоўкамі, канцэнтрацыя ядзернага матэрыялу на мяжы з заходнімі краінамі ў Беларусі – усё гэта стварала высокі ядзерны фон. Любая ядзерная электрастанцыя, груба гаворачы, “цячэ”, нельга зрабіць закрытым цыкл – той жа цэзій пастаянна выходзіць у біясферу. І адкіды ня ведаюць куды дзяваць – тут існуе сурьёзная праблема. Калі ў нас зараз узьнікла пагроза зьяўленьня ядзернага могільніка каля мяжы, то нашы нарэшце пачалі думаць. А чаму раней ня думалі?
Экалагічная непісьменнасьць насельніцтва ў сувязі з адсутнасьцю інфрмацыі выкарыстоўваецца вельмі добра. Я зараз чытаю ліст з нагоды заявы навукоўцаў МАГАТЭ пра тое, што ў наступствах Чарнобыльскай трагедыі асноўную ролю адыгралі срэсы, псіхалагічная неўраўнаважанасьць, нізкі ўзровеннь жыцьця, перасяленьне. Я кажу, што стрэсаў у чалавека хапае паўсюдна – у сямьі, на вуліцы, на працы, але чаму гэта не выклікае такую сьпецыфічную паталогію? Гэта глупства, разьлічанае на людзей, якія зусім дэзарыентаваныя. Калі ядзерная энергетыка забясьпечвае прагрэс, то чым такі прагрэс можа скончыцца? Справіцца можна будзе толькі тады, калі ўсе зразумеюць, што заўтра можа нічога ня быць. Мірнага і ваеннага ядзернага матэрыялу на Зямлі неверагодная колкасьць, кіраваць гэтым становіцца ўсё больш складана. Разьвіваць ядзерныя тэхналогіі ў такіх умовах неразумна.
 Але мы прызвычаіліся да такога сродку атрыманьня энергіі. Як інакш?
 Але калі на вагах стаіць жыцьцё чалавецтва? Калі ядзерныя ітэхналогіі разбураюць усё – пароды, скалы, якія і самі ўзьніклі ў выніку гэтых рэакцыяў, то што такое кволы арганізм чалавека? У тым і быў мой заклік да калегаў: сядзьце і падумайце, што будзе заўтра, спыніць усё сёньня адначасова немагчыма, але згортваць гэтыя тэхналогіі і займацца выяўленьнем новых крыніцаў энергіі неабходна. Калі змаглі дадумацца да гэтага, то можна дадумацца і да іншага. Мы сёньня захапляемся імёнамі фізікаў, якія адкрылі разшчапленьне атаму. Што гэта прынесла чалавецтву? Супрацьдзеяньня ж ніхто не прыдумаў! А дзе адказнасьць навукоўцы за зробленае? Нават Энштейн схапіўся за галаву: чаму я садзейнічаю? Потым лісты пісаў, пацыфістам стаў, але ўжо джына выпусьцілі. Чалавецтва і без ядзерных тэхналогіяў не загінула б, разьвівалася б у нейкім іншым накірунку, але было жаданьене мець звышпрыбыткі і падаўляць іншых – гэта скончылася страшна. Сёньня гэта не дабро, гэта пагроза. Прайшоў тайфун, і амерыканскае грамадзтва з цяжкасьцю справілася з ягонымі наступствамі, а што будзе, калі такі тайфун закране аб’екты, зьвязаныя з атамнай энергетыкай? Зямлі ня будзе. Грамадзтва павінна шукаць магчымасьці дзеля свайго выжываньня. Я доктар, і праблемы жыцьця і здароўя людзей ня могуць мяне не хваляваць. Дзеля гэтага я жыву і працую, дзеля гэтага я буду працягваць сваю справу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства