viasna on patreon

Спробы вернікаў вярнуць менскі касьцёл Сьвятога Язэпа пакуль станоўчых вынікаў не далі

2005 2005-10-05T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Патрабаваньне кіраўніцтва каталіцкага касьцёлу ў Беларусі вярнуць у сваю ўласнасьць менскі касьцёл сьвятога Язэпа й кляштар бэрнардынцаў пакуль застаецца адкрытым. Зараз у будынку колішняга касьцёла месьціцца Архіў навукова–тэхнічнай дакумэнтацыі, а таксама Архіў літаратуры й мастацтва Беларусі. Будынак былога кляштару займае вайсковая камэндатура й пракуратура. За вяртаньне каталіцкіх сьвятыняў вернікі праводзяць нават вулічныя набажэнствы. Намесьнік старшыні Камітэту архіваў і справаводзтва пры Савеце міністраў Вольга Бірукова ў інтэрвью радыё Свабода сказала, што ў дзяржавы няма іншага памяшканьня, каб разьмясьціць гэтыя два архівы: “Мы згодныя аддаць гэты будынак толькі ўзамен раўнацэннага будынка, каб мы там разьмясьцілі гэтыя два архівы. Мы ня супраць, але дайце нам узамен памяшканьне”.

Паводле Вольгі Біруковай, мяркуецца, што адзін з архіваў, магчыма, будзе пераведзены ў будынак новаўзьведзенай Нацыянальнай бібліятэкі. Аднак іншы застанецца ў сьценах былога касьцёла па-ранейшаму.

Гістрык Алег Трусаў так пракамэнтаваў сітуацыю: “Канечне, вернікам храм вярнуць трэба, але спачатку ўлады павінны перадаць добры будынак архіву. А рабіць такія рэчы, як сутыкаць ілбамі культурна-асьветніцкія ўстановы й вернікаў – гэта проста правакацыя ўладаў. Вунь, управа справамі прэзыдэнта колькі будынкаў мае – няхай яны й перададуць належным чынам”.

Паводле гістарычных крыніцаў, касьцёл і кляштар ордэну бэрнардынцаў у Менску быў заснаваны ў XV стагодзьдзі. Яны ўваходзілі ў кляштарны комплекс, дзе ў розныя гады працавала пачатковая школа, школа філязофіі, існавала бібліятэка на паўтары тысячы тамоў унікальнай літаратуры. У 1863 годзе манахі-бэрнардынцы падтрымалі паўстаньне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Пасьля яго падаўленьня, паводле загаду Мураўёва-вешальніка ўсе яны былі гвалтоўна выселеныя ў Магілеў, а кляштар зачынены. У касьцёле некаторы час месьцілася праваслаўная царква, а з 1872 году ён быў перабудаваны пад архіў і ў гэткім выглядзе захаваўся да сёньняшняга дня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства