Лукашэнка зноў заявіў аб фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2006 года
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што вынікі прэзідэнцкіх выбараў у 2006 годзе былі сфальсіфікаваныя.
У інтэрв'ю, апублікаваным 27 жніўня ў расійскай газеце "Известия", прэзідэнт сказаў: За мяне на апошніх выбарах прагаласавалі, для ведама, 93%. І я прызнаўся потым, калі мяне проста пачалі ціснуць, што мы фальсіфікавалі выбары. І я груба сказаў: "Так, фальсіфікавалі". Я аддаў каманду, каб не 93% было, а недзе там 80, я не памятаю, колькі. Таму што за 90 — гэта ўжо псіхалагічна не ўспрымаецца. Але гэта была праўда.
Каментуючы БелаПАН выказванне прэзідэнта, кіраўнік Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына заявіла, што ЦВК нічога не ведае аб фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Цэнтральная камісія ніякіх каманд не атрымлівала і аб'явіла тыя лічбы, якія паступілі да нас па афіцыйных крыніцах. Яны поўнасцю адпавядаюць пратаколам абласных і Мінскай гарадской выбарчых камісій, — падкрэсліла Ярмошына.
Кіраўнік ЦВК выказала меркаванне, што, робячы такія заявы, прэзідэнт найперш засноўваецца на папярэдніх звестках, пра якія, напэўна, яму паведамлялі. У нас ёсць гэтак званыя закрытыя ўчасткі, якія паведамляюць вынікі раней, чым усе астатнія, таму што яны пачынаюць падлічваць галасы гадзін у дванаццаць дня, — гэта бальніцы і воінскія часці, — патлумачыла Ярмошына.
Паводле вынікаў галасавання на закрытых участках, зазначыла яна, можна прыблізна вызначыць, які будзе потым працэнт па краіне, калі завершыцца падлік галасоў. Вось больш 90%, — наколькі я памятаю, мы яшчэ тады смяяліся, што недэмакратычны працэнт, — далі гэтыя закрытыя ўчасткі, — сказала Ярмошына.
Упершыню аб фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў Лукашэнка заявіў у лістападзе 2006 года ў Мінску на прэс-канферэнцыі для ўкраінскіх журналістаў, паведамляе БелаПАН.