На мяжы па-ранейшаму затрымліваюць апазіцыянераў
На беларуска-літоўскай мяжы абшукалі апазіцыйных палітыкаў Аляксандра Бухвостава, Вінцука Вячорку, Льва Марголіна і Віктара Гарбачова.
«29 ліпеня мы разам з Аляксандрам Бухвостовым, Вінцуком Вячоркам і Львом Марголіным на маім аўтамабілі выехалі ў Вільню на семінар. Дзесьці ў 11.00 пад'ехалі да беларуска-літоўскай мяжы, -- распавёў «Беларускаму партызану» лідэр руху «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва» Віктар Гарбачоў. -- На працягу гадзіны правяралі толькі мае дакументы, стэлефаноўваліся, мяркуючы па ўсім, з Менскам, цягнулі. У выніку на мяжы мы страцілі каля гадзіны. Сітуацыя люстраным чынам паўтарылася на зваротным шляху ўжо 30 ліпеня дзесьці каля 19.00. Толькі гэтым разам мы страцілі ўжо каля двух гадзінаў. Можа, страцілі б і больш, але Леў Марголін параіў звярнуцца за дапамогай да… Кнігі скаргаў. Як толькі мы падышлі да будынка прадстаўніцтва памежнага камітэта на мяжы, да мяне адразу ж падбегла яго супрацоўніца з наступнымі словамі: "Вось, забірайце свой пашпарт. Тут трэба было ўладзіць пэўныя фармальнасці. І нікуды не трэба далей ісці! Так што, высвятляецца, Кніга скаргаў сапраўды набыла на тэрыторыі нашай краіны рэальную сілу.
А калі сур'ёзна, дык ўсё гэта вельмі сумна. Да мяне з прыхільнасцю ставіліся некаторы час да парламенцкіх выбараў летась, калі беларускія ўлады паабяцалі ўсёй сусветнай супольнасці правесці супердэмакратычныя выбары «нацыянальнага сходу». Яшчэ месяц таму я перасякаў беларуска-літоўскую мяжу, і ніякіх праблемаў не было. І тут на табе!».