viasna on patreon

Горацкага актывіста пакаралі штрафам

2009 2009-06-18T08:37:55+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/malanachkin_piatro.jpg
фота svaboda.org

фота svaboda.org

17 чэрвеня адміністрацыйная камісія Горацкага райвыканкаму пакарала ініцыятара збору подпісаў супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі, верніка незарэгістраванай пратэстанцкай суполкі “Свабода ў Госпаду” Пятра Маланачкіна штрафам у памеры пяці базавых велічыняў — гэта 175 тысяч рублёў. Яго прызналі вінаватым у парушэньні закону аб упарадкаваньні і ўтрыманьні тэрыторыі населенага пункта. Старшынявала на камісіі супрацоўніца райвыканкаму Галіна Ляшэнка.

У матэрыяле адміністрацыйнай справы гаворыцца, што Пётар Маланачкін 21 траўня ўсталяваў каля свайго дома стэнд без адпаведнага дазволу. На яго ён рэгулярна выкладаў літаратуру рэлігійнага зьместу.

Пётар Маланачкін вінаватым сябе ня лічыць і заяўляе, што стэнду ўжо пяць гадоў. Людзям ён не замінае, бо скаргаў ад іх не было. Што да літаратуры, то яна на стэндзе не залежваецца.

“Яго ўжо зь дзясятак разоў ламалі. Я пісаў заявы ў міліцыю. Зламысьнікаў не знаходзілі. Аднойчы, праўда, аднаго зь іх мая жонка ўпільнавала. Яго аштрафавалі. За стэнд штрафавалі й мяне. Улады патрабавалі, каб яго ўстаноўку я ўзгадніў з райвыканкамам. Чыноўнікі мне ў гэтым адмовілі, спаслаўшыся на адсутнасьць рэгістрацыі нашай царквы. Яе таксама не зарэгістравалі, бо няма памяшканьня для малітваў. Памяшканьня таксама не далі”.

Пётар Маланачкін зьбіраецца абскарджваць вырак і заяўляе, што ня будзе сам ліквідоўваць стэнд. Зрабіць гэта яму ў вуснай форме загадала камісія.

Пакараньне актывіст і вернік зьвязвае зь дзейнасьцю антыядзернай групы ў Горках.

“Месяц таму мы ў адміністрацыю прэзыдэнта даслалі тры тысячы подпісаў супраць будаўніцтва ў Беларусі АЭС. Цяпер чакаем адказу. Відаць, прыйшоў адтуль загад нас прыціснуць. Вось яны й ціснуць. Адказу няма, але тэрор ёсьць”.

У лістападзе 2007 году Пётар Маланачкін ініцыяваў у Горках збор подпісаў супраць будаўніцтва ў раёне атамнай электрастанцыі. Ад таго часу было сабрана пяць тысяч подпісаў. Першыя дзьве тысячы даслалі прэзыдэнту і ўраду ўвесну 2008 году.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства