У Мастах забаранілі сустрэчу з рэдакцыяй "Нашай Нівы"
Улады Мастоўскага раёна без тлумачэння прычынаў не дазволілі грамадскасці сустрэцца з рэдакцыяй газэты “Наша Ніва”.
Сябра рады Руха “За свабоду” Алесь Зарэмбюк атрымаў адмову з гарвыканкама, у якой паведамляецца аб тым , што для правядзення сустрэчы з рэдакцыяй газэты “Наша Ніва” улады не ў стане прадаставіць памяшканне.
Як зазначыў Рацыі ініцыятар сустрэчы Алесь Зарэмбюк, такі адказ выклікае здзіўленне і непаразуменне як чытачоў незалежнай газэты, якая , дарэчы , прадаецца ў шапіках раённага цэнтра, так і сяброў праваабаронча-асветніцкага грамадскага аб’яднання рух “За свабоду”.
Негледзячы на адмову ўладаў, грамадскія актывісты з Мастоў збіраюцца бліжэйшым часам правесці сустрэчу грамадзян з рэдакцыяй газэты “Наша Ніва” на прыватнай кватэры і спадзяюцца на тое, што супрацоўнікі праваахоўных ворганаў не будуць ім у гэтым перашкаджаць.