У Менску праходзіць з’езд БАЖ
Сёння ў Менску адбываецца VII справаздачна-выбарчы з’езд ГА «БАЖ». Удзел у ім бяруць больш за 80 дэлегатаў, абраных у рэгіёнах, дзе ёсць суполкі БАЖ, а таксама ў рэдакцыях СМІ, дзе працуюць сябры арганізацыі.
З’езд заслухае справаздачы дзейнага кіраўніцтва арганізацыі і абярэ кіруючыя органы БАЖ на наступныя тры гады.
Тэкст агульнай справаздачы пра дзейнасць арганізацыі на працягу апошніх трох гадоў ужо змешчаны на нашым сайце.
Чакаецца, што з’езд прыме зварот да Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу з заклікам адмовіцца ад намераў увесці ў Беларусі адміністратыўную адказнасць за «экстрэмісцкую дзейнасць».
На з’ездзе мае быць прыняты таксама зварот да прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага з заклікам вярнуць у прававое поле сітуацыю з распаўсюдам шэрагу недзяржаўных выданняў.
Нагадаем, што паводле Статуту арганізацыі, ГА «БАЖ» павінна праводзіць з’езды раз на тры гады. Апошні з’езд адбыўся 2 чэрвеня 2006 года.
Спецыяльна запрашаць прэсу для асвятлення працы з’езду БАЖ не плануе. У звязку з абмежаванай колькасцю месцаў у зале на пачатку з’езду будзе адведзены пэўны час для пратакольных фота- і відэаздымкаў. Пасля завяршэння працы з’езду (каля 17.00) запланаваны спецыяльны брыфінг для журналістаў.