viasna on patreon

Праваабаронца з Наваполацка настойвае на ўзбуджэнні крымінальнай справы за распальванне нацыянальнай варожасці

2009 2009-05-22T17:21:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/salaujou_zm.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронца з Наваполацка Зміцер Салаўёў накіроўваў у гарадскую пракуратуру ўжо трэцюю скаргу з патрабаваннем узбудзіць крымінальную справу па фактах хуліганства і распальвання нацыянальнай варожасці ў горадзе. Пакуль жа групоўка неанацыстаў у Наваполацку дзейнічае беспакарана.

Паводле праваабаронцы, на сценах наваполацкіх  дамоў перыядычна з’яўляюцца фашыстоўскія сімвалы, заклікі, якія распальваюць нацыянальную варожасць. Пра гэта ён паведамляў у пракуратуру і ў снежні мінулага году, і два месяцы таму, у сакавіку. У абодвух выпадках мясцовая пракуратура адмовіла  ва ўзбуджэнні справы.

У сваёй апошняй скарзе Зміцер Салаўёў прыводзіць новыя факты, што яскрава сведчаць аб дзейнасці такой групоўкі і мелі месца зусім нядаўна.

“Неафашысцкія групоўкі нападаюць на нефармальную моладзь. Так, 9 мая ўвечары адбыўся напад на Кучарэнка А.Н., у яе адабралі значкі і пагражалі расправай”, - адзначае Салаўёў.

Мы ўжо паведамлялі пра ўзгаданы выпадак, калі  некалькі падлеткаў-скінхэдаў напалі з пагрозамі на дзяўчат, актывістак мясцовай філіі Моладзі БНФ, якія вярталіся з універсітэта праз лесапарк дадому. Дзяўчаты адразу патэлефанавалі ў міліцыю, але дапамогі так і не дачакаліся.

“У горадзе распаўсюджваюцца налепкі з нацыстскімі сімваламі, заклікамі да распальвання нацыянальнай варожасці. Да заявы далучаю налепку сарваную мной 14 мая 2009 г. з дзвярэй 7-га паштовага аддзялення”, - паведамляе праваабаронца пракурору горада.

Якім чынам адрэагуе пракуратура г. Наваполацка на чарговую скаргу Зміцера Салаўёва – пакажа час. 

Увогуле ж прадстаўнікі праваабарончай супольнасці адзначаюць, што для Беларусі, нажаль, не рэдкія выпадкі такіх праяваў, як экстрэмізм і распальванне нацыянальнай і расавай варожасці. Хаця, у параўнанні з іншымі краінамі, з той жа Расіяй, у нас гэтая праблема не з’яўляецца настолькі вострай, але яна існуе і праваабарончыя арганізацыі мусяць звяртаць на яе сваю увагу.  

“У нас перыядычна здараюцца такія інцыдэнты, як збіццё замежных студэнтаў, што мела месца і ў Віцебску, і ў Менску, і ў Гомелі. З’яўляюцца факты пра дзейнасць такіх экстрымісцкіх груповак, як РНЕ, НБП і іншых арганізацыяў падобнага кшталту, а таксама неарганізаваных контркультурных рухаў, як скінхэды, - каментуе сітуацыю праваабаронца Валянцін Стэфановіч. - І вось зараз у Наваполацку Зміцер Салаўёў змагаецца якраз-такі за тое, каб дзеянні такіх груповак былі даследаваныя пракуратурай і каб ім была дадзеная належная прававая ацэнка”.

Трэба адзначыць, што сітуацыя, якая зараз склалася ў Наваполацку, па Беларусі не адзінкавая.

“У Віцебску таксама праваабаронца Леанід Свецік на працягу некалькіх гадоў спрабаваў звярнуць увагу пракуратуры на тое, што ў горадзе дзейнічаюць прадстаўнікі незарэгістраванай фашыстскай арганізацыі РНЕ і пракуратура таксама адмаўлялася ўзбуджаць справы па гэтых фактах. Затое, як вядома, у мінулым годзе была ўзбуджаная крымінальная справа супраць самога Леаніда Свеціка - нібыта ён распальваў нацыянальную варожасць праз распаўсюд лістоў ад імя РНЕ”, - кажа Валянцін Стэфановіч.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства