viasna on patreon

«Адзін дзень палітвязьня» ад Радыё Свабода

2009 2009-05-20T13:07:50+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kniga_svabody.jpg

20 мая спаўняецца 55 гадоў беларускай службе Радыё Свабода. Да гэтай гадавіны выйшла кніга "Адзін дзень палітвязьня", пятнаццатая з серыі "Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе". У кнізе — гісторыі 41 беларускага палітвязня ад 1996-га па 2008 год. У гасцях у "Народнай Волі" укладальніца кнігі, карэспандэнтка "Свабоды" Ганна Соусь.

— На вялікі жаль, гераіняй кнігі "Адзін дзень палітвязьня" не паспела стаць салігорская праваабаронца Яна Палякова, — кажа Ганна Соусь. — У ноч на 7 сакавіка 2009 года яе знайшлі ў пятлі ў сваім доме пасля таго, як суддзя Аляксандр Бураўцоў прызнаў яе вінаватай у паклёпе на міліцыянта Віктара Пугачова і прысудзіў да двух з паловай гадоў "хіміі". Пасля суда Яна гаварыла, што ніколі не стане "зэчкай".

Героі гэтай кнігі — беларускія "зэкі", палітвязні, якім давялося прайсці тое, чаго не пагадзілася перанесці Яна Палякова. Смурод следчых ізалятараў, нары Акрэсціна, шматдзённы этап, адзінота ў перапоўненай камеры, тупая праца на "хіміі", галадоўкі ў бараках, страчанае здароўе, немагчымасць прыехаць на пахаванне бацькоў, туга па сям'і, бессэнсоўныя касацыі і, нарэшце, — свабода, дзе ўжо ўсё не так, як было раней, а самае галоўнае — ты сам змяніўся...

Сярод герояў кнігі — паэт, мастак, геадэзіст, старшыня калгаса, лекар, прэм'ер-міністр, пасол, палітыкі, грамадскія актывісты, праваабаронцы, прадпрымальнікі, дэпутаты, журналісты, міністры. Усіх іх аб'ядноўвае зняволенне з палітычных матываў у час кіравання Аляксандра Лукашэнкі, пачынаючы ад Славаміра Адамовіча і завяршаючы Сяргеем Парсюкевічам. Кнігу-гісторыю беларускіх палітвязняў мы пачалі ў 1996-м і завяршылі ў 2008 годзе. На старонках кнігі гісторыі Паўла Шарамета, Аляксандара Казуліна, Міхаіла Марыніча, Юрыя Бандажэўскага, Васіля Лявонава, Валерыя Шчукіна, Паўла Севярынца, Міхаіла Чыгіра, Васіля Старавойтава — усяго 41 палітвязня.

— Як з'явілася назва "Адзін дзень палітвязьня"? Адразу напрошваецца паралель са знакамітым творам Аляксандра Салжаніцына...— Менавіта так. У 2008 годзе памёр Аляксандр Салжаніцын, які пяцьдзесят гадоў таму напісаў свой "Адзін дзень Івана Дзянісавіча", што ўскалыхнуў і змяніў тагачаснае грамадства. Карэспандэнты "Свабоды" стварылі "адзін дзень сарака аднаго беларускага палітвязня". Мы планавалі даслаць гэтую кнігу Аляксандру Ісаевічу. На жаль, не паспелі...

— Традыцыйна, кнігі з серыі "Бібліятэка "Свабоды" ствараюцца на падставе перадач, якія прагучалі ў эфіры радыё. Як было гэтым разам?

— Спачатку гэта быў проста цыкл перадач Радыё Свабода "Адзін дзень у сям'і палітвязьня". У 2006 годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі было паўтара дзесятка палітвязняў. Карэспандэнты "Свабоды" праводзілі адзін дзень у сям'і кожнага, і праз размовы з жонкамі, мужамі, бацькамі, дзецьмі палітвязняў, праз лісты вязняў на волю вымалёўвалася сапраўдная карціна, дзе пацярпелым ад рэпрэсій быў не толькі той, каго кінулі за краты, але і ўсе блізкія яму людзі, нават яшчэ ненароджаныя дзеці.

Адных палітвязняў вызвалялі, другіх садзілі. Карэспандэнты "Свабоды" працягвалі трымаць гэтую тэму. У выніку ўзнікла ідэя — расказаць калі не пра ўсіх, то, прынамсі, пра большасць беларускіх палітвязняў часоў прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. Журналісты радыё праводзілі адзін дзень з былымі палітвязнямі, і праз успаміны іх і іх родных, праз іхнія ацэнкі і аналіз стваралася гэтая кніга.

— Але ж, думаю, палітвязняў за часы кіравання Аляксандра Лукашэнкі значна болей, чым сорак адзін.— Кніга, натуральна, няпоўная, бо ў яе не трапілі гісторыі соцень актывістаў, лідэраў апазіцыйных партый, праваабаронцаў, прадпрымальнікаў, шараговых грам-

адзян, якіх па палітычных матывах кідалі за краты на 10—15 сутак і болей. У штогадовых справаздачах Дзярждэпартамента ЗША, у справаздачах цэнтра "Вясна" і іншых праваабарончых арганізацый на дзесятках старонак толькі пералік імёнаў рэпрэсаваных з палітычных матываў. Мы не ставілі сабе задачу расказаць гісторыю кожнага. Мы ўмоўна завяршылі кнігу 2008 годам. Аднак у 2009 годзе зноў трапілі за краты яе героі — Мікалай Аўтуховіч і Юрый Лявонаў, а таксама Уладзімір Асіпенка. Праваабарончая арганізацыя "Міжнародная амністыя" прызнала вязнямі сумлення 11 фігурантаў "Працэсу 14". Кніга скончана. Наша гісторыя — не...

P.S. Кнігу "Адзін дзень палітвязьня" ў PDF-фармаце можна спампаваць з сайта Радыё Свабоды" svaboda.org

На экзамене па гісторыі.

2108 год

— Пра што кніга "Адзін дзень палітвязьня"?

— Пра свабоду і яе герояў ці ахвяраў, каму як.

— Як яны самі зваліся?

— Людзьмі.

— За што іх пазбавілі волі?

— За праўду.

— Чаму іх пазбавілі волі?

— Каб запалохаць астатніх.

— Чаму былі пазбаўленыя менавіта яны?

— Бо не баяліся.

— Колькі іх?

— У кнізе — 41. Былі за кратамі — тысячы.

— Як доўга?

— Героі кнігі разам амаль 20 000 дзён і начэй, больш за 53 гады. За кожны год незалежнасці краіны — тры гады турмы. Як на вайне.

— Што яны страцілі?

— Свабоду быць з блізкімі, рабіць сваю справу, падарожнічаць, спрачацца, гараваць, святкаваць — жыць, як хацелі б.

— Чаго яны дамагліся?

— Нянавісці ворагаў. Пагарды ўлады. Абыякавасці бальшыні суайчыннікаў...

— І гэта ўсё?

— Яшчэ — павагі паплечнікаў, захаплення сяброў, веры моладзі. Міжнароднай увагі, салідарнасці і дапамогі. Імяннога радка ў гісторыі краіны.

— І ўсё ж — ці варта было?

...А гэтае пытанне ўжо не да іх.

Аляксандр ЛУКАШУК, дырэктар беларускай службы Радыё Свабода.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства