ПКБ можа стаць «Радзімай»
18 траўня Мінгарвыканкам нарэшце выдзеліў Партыі камуністаў беларускай памяшканне для правядзення чарговага з’езду. Ён адбудзецца 23 траўня ў ДК Мінскага трактарнага заводу.
Паводле прэс‑сакратара ПКБ Сяргея Вазняка, на мінулых выходных пленум ЦК прыняў рашэнне, што з’езд пройдзе ў два этапы. Першы адбудзецца 23 траўня, а другі — у верасні ці кастрычніку.
«Найперш будзе разгледжана пытанне вотуму даверу да Цэнтральнага камітэту партыі, а таксама асабіста да старшыні Сяргея Калякіна. Справа ў тым, што некаторыя сябры партыі выказалі недавер да цяперашняга кіраўніцтва. Далей плануецца разгляд варыянтаў новай назвы партыі. Толькі 9 з 49 сяброў ЦК прагаласавалі за пакіданне старой назвы», — кажа С.Вазняк.
На дадзены момант існуюць шэсць варыянтаў новай назвы для ПКБ:
«Беларуская партыя левых» (БПЛ), Партыя дэмакратыі і справядлівасці (ПДС), Партыя «Новы курс», Партыя «Радзіма», Партыя «Справядлівасці і народаўладдзе» (ПСН), Партыя «Справядлівы свет».
Калі з’езд усё ж прыме рашэнне аб змене назвы, то з шасці варыянтаў будуць абраныя толькі тры, якія і будуць выстаўленыя на галасаванне падчас другога этапу з’езду. «Гэта робіцца для таго, каб людзі змаглі абдумаць прапановы, а не прымаць рашэнні паспешна», — зазначае С.Вазняк.
Таксама на з’ездзе будзе разгледжаны праект новага статуту партыі. Прынамсі, новы статут дазваляе ствараць унутры ПКБ асобныя платформы. «Да прыкладу гэта могуць быць жаночая, моладзевая, марксісцкая платформа», — кажа прэс‑сакратар.
Будзе разгледжана таксама Антыкрызісная платформа АДС. Толькі восенню партыя будзе падаваць дакументы ў Мін’юст.
У працы з’езду мяркуецца ўдзел 210 дэлегатаў (па 30 ад Менску і кожнай з абласцей).
З’езд пройдзе ў закрытым рэжыме. На яго будуць запрошаныя толькі прадстаўнікі Мін’юсту, не будзе журналістаў, замежных дэлегацый, гасцей. «Гэта робіцца для таго, каб дыскусія была больш разняволенай», — падсумоўвае С.Вазняк.