viasna on patreon

У Беларусь не пусцілі студэнтку беларусістыкі Варшаўскага універсітэта

2009 2009-05-08T14:36:06+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/na_miazhy.jpg

Напрыканцы красавіка беларускія памежнікі адмовілі ва ўездзе ў краіну студэнтцы кафедры беларусістыкі Варшаўскага універсітэта Марце Шыманьскай. У грамадзянкі Польшчы была анулявана шматразовая беларуская віза і пастаўлена пячатка "Ва ўездзе забаронена", паведаміла "Польскае радыё".

Марта Шыманьска вучылася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце па праграме абмену паміж Варшаўскім універсітэтам і БДУ. У Мінск яна прыехала па запрашэнні БДУ ў сярэдзіне лютага. У беларускай сталіцы дзяўчына збірала матэрыялы для сваёй дыпломнай работы, прысвечанай надпісам на помніках на беларускіх могілках, у прыватнасці, аб'ектам яе зацікаўленасці былі Кальварыйскія могілкі.

28 красавіка на польска-беларускай мяжы памежнікі заявілі Шыманьскай, што яна нібы знаходзіцца ў нейкім спісе і ў сувязі з гэтым не можа наведваць Беларусь. За тлумачэннямі памежнікі параілі звярнуцца ў беларускую амбасаду ў Варшаве. У дыпламатычнай місіі Беларусі студэнтцы адмовілі патлумачыць прычыну забароны ўезду ў Беларусь.

Сама дзяўчына не разумее, чаму яе раптам унеслі ў "чорны спіс". "Я не займаюся палітычнай дзейнасцю ні ў Польшчы, ні ў Беларусі. Нават не падазраю, што я магла такога зрабіць, каб мне забаранілі ўязджаць у Беларусь. Я вельмі часта ездзіла ў Беларусь і ніколі не крытыкавала яе. Я маю такі прынцып: калі я кудысьці еду, я ніколі не кажу дрэнна пра гэтую краіну", — тлумачыць Марта Шыманьска.

Праграма абмену павінна была завяршыцца ў ліпені. Шыманьска вельмі хацела б завяршыць сваё навучанне ў Беларусі. Сваю дыпломную работу яна пісала на падставе беларускіх матэрыялаў. Цяпер вымушана змяніць тэму і пачынаць усё спачатку. Студэнтка вельмі шкадуе, што не зможа больш наведаць Беларусь. Беларусы Варшавы ведаюць Марту Шыманьску як вялікага аматара беларускай культуры і мовы. Яна неаднаразова брала актыўны ўдзел у арганізацыі ў польскай сталіцы беларускіх фестываляў, выступаў пісьменнікаў, музыкаў і мастакоў з Беларусі. Шыманьска з'яўляецца таксама сябрам навуковага кола "Albaruthenica" пры кафедры беларусістыкі Варшаўскага універсітэта.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства