viasna on patreon

Швецкія праваабаронцы заклікаюць не пускаць Навумава на чэмпіянат свету па хакеі

2009 2009-04-30T19:41:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shwed_inicyjatyva_demakratyji_i_pravah_chalaveka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння, 30 красавіка, на швецкім інтэрнет-рэсурсе UNT.SE апублікаваны матэрыял, прысвечаны Уладзіміру Навумаву, былому міністру ўнутраных справаў, які цяпер старшынюе ў Федэрацыі Хакея Рэспублікі Беларусь.

 

У гэтым артыкуле Швецкая ініцыятыва за дэмакратыю і правы чалавека звяртаецца ў Федэрацыю Хакея Швецыі, а таксама Швейцарскую Асацыяцыю Хакея і Швейцарскі Федэральны Аддзел замежных справаў з просьбаю пасадзейнічаць у тым, каб Уладзіміра Навумава не пусцілі на чэмпіянат свету ў Швейцарыю, паколькі ён падазраецца ў датычнасці да палітычных знікненняў людзей у Беларусі і ўваходзіць у спіс неўязных у краіны ЕС беларускіх чыноўнікаў. Зварот швецкіх праваабаронцаў падтрымаў віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі.

 

 

Прапануем поўны варыянт артыкула:

 

 

Беларускі парушальнік правоў чалавека збіраецца на чэмпіянат свету па хакеі

 

Старшыня Федэрацыі Хакея Рэспублікі Беларусь Уладзімір Навумаў падазраецца ў дачыненні да сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека. З-за гэтага ён з'яўляецца неўязным у шэраг краінаў свету, уключаючы ЕС, ЗША і Швейцарыю.

 

Тым не менш, Навумаў зараз збіраецца наведаць Швейцарыю падчас  чэмпіянату свету па хакеі. Швецкая федэрацыя хакея і швецкі ўрад павінны паўплываць на тое, каб Навумаву не далі магчымасці  прысутнічаць на чэмпіянаце.

 

Чэмпіянат свету па хакеі ўжо пачаўся. Але, акрамя барацьбы за медалі, чакаецца яшчэ адно спаборніцтва  ў Швейцарыі, а менавіта – будзе вырашацца, хто стане арганізатарам чэмпіянату свету 2014 году.

 

Адным з прэтэндэнтаў з'яўляецца Беларусь. Па інфармацыі Федэрацыі Хакея Рэспублікі Беларусь, Уладзімір Навумаў паедзе ў Швейцарыю, каб прысутнічаць у цырымоніі галасавання, якая адбудзецца ў Берне 7-9 траўня.

 

Навумаў нядаўна пакінуў пасаду міністра ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь. Ён уключаны ў спіс неўязных у краіны ЕС беларуcкіх дзяржслужбоўцаў - з-за падазрэнняў у дачыненні да парушэнняў правоў чалавека. У прыватнасці, Навумаў звязаны са знікненнямі трох вядомых апазіцыйных палітыкаў і аднаго журналіста ў 1999-2000 гг. Адзін з іх, былы міністр унутраных справаў Юры Захаранка, знік менавіта 7 траўня 1999 г.

 

Швейцарыя не з'яўляецца сябрам ЕС. Аднак палітычнае кіраўніцтва Швейцарыі паведаміла, што падтрымлівае санкцыі ЕС супраць беларускіх дзяржслужбоўцаў. Таму Швейцарская федэрацыя хакея не павінна запрашаць Навумава на чэмпіянат свету. А калі ўсё ж запросіць, то швейцарскія  ўлады не павінны ўпускаць яго ў краіну.

 

Калі чэмпіянат свету тры гады таму праходзіў у Латвіі, Навумаву было адмоўлена ў візе са спасылкай на дзейсныя санкцыі ЕС. Тое ж самае павінна быць цяпер.

 

Мы просім Федэрацыю хакея Швецыі па магчымасці паўплываць на сваіх швейцарскіх калегаў з тым, каб Навумава не  запрашалі на чэмпіянат свету. Адначасова мы просім швецкі ўрад заклікаць швейцарскае палітычнае кіраўніцтва не выдаваць Навумаву візу.

 

 

Марцін Угла, Старшыня

Швецкая ініцыятыва за дэмакратыю і правы чалавека

 

 

 

Копіі гэтага звароту накіраваныя Мішэлін Кэлмі-Рэй, якая ўзначальвае Швейцарскі Федэральны Аддзел Замежных Справаў, а таксама Фрэддзі Эглісу, Прэзідэнту Швейцарскай Ассацыяцыі Хакея.

 

 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства