viasna on patreon

Кіраўнік Сусветнай асацыяцыі беларускіх яўрэяў Якаў Гутман заклікаў Аляксандра Лукашэнку спыніць разбор сінагогі ў Любані

2009 2009-04-30T15:22:27+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sinagoga_liuban.jpg

Кіраўнік Сусветнай асацыяцыі беларускіх яўрэяў (ВАБЕ; Нью-Йорк, ЗША) Якаў Гутман заклікаў прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку неадкладна спыніць разбор сінагогі пачатку XX стагоддзя ў горадзе Любань Мінскай вобласці.

У лісце ад 26 красавіка на імя кіраўніка беларускай дзяржавы Гутман паведамляе, што ў 1996 годзе ВАБЕ пры падтрымцы мясцовых уладаў устанавіла на будынку сінагогі мемарыяльную дошку Мошу Файнштэйну — аднаму з самых вядомых рабінаў ХХ стагоддзя. Апрача таго, паводле яго слоў, райвыканкам прыняў рашэнне аб прысваенні адной з вуліц горада імя Файнштэйна, прызнанага сусветным лідэрам артадаксальнага яўрэйства. Калі ён памёр у Амерыцы ў 1986 годзе, каля 60 тысяч яўрэяў ішлі за дамавінай рабіна ў Нью-Йорку, а ў яго пахаванні ў Ізраілі ўдзельнічалі 150 тысяч чалавек. Усё, што звязана з імем Мошы Файнштэйна, святое для яўрэяў усяго свету, гаворыцца ў лісце.

Яго аўтар зазначае, што разбурэнне сінагогі ў Любані будзе расцэнена як працяг знішчэння іудзейскіх храмаў на вуліцах Дзімітрава, 3, і Няміга ў Мінску, яўрэйскіх могілак у Гродне і Мазыры (Гомельская вобласць), памятнага знака на месцы самаспалення мазырскіх яўрэяў падчас Вялікай Айчыннай вайны. "Хацелася б верыць, што сітуацыя ў Любані склалася з-за непаразумення мясцовых улад і не з'яўляецца палітыкай дзяржавы. Старшыня Любанскага райвыканкама Васіль Акуліч нават не палічыў неабходным адказаць на ліст ВАБЕ", — адзначае Гутман.

У Любані захаваліся дзве сінагогі, якія стаяць побач, — унікальныя ўзоры драўлянай культавай архітэктуры канца XIX і пачатку XX стагоддзяў. Абодва храмы звязаны з дзейнасцю Файнштэйна. Мясцовыя ўлады вырашылі знесці сінагогу XX стагоддзя. 21 красавіка старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч пісьмова прапанаваў Любанскаму райвыканкаму звярнуцца ў Міністэрства культуры з ініцыятывай надаць будынку сінагогі статут гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства