"Наша Вясна" звяртаецца ў Мінюст з нагоды рэгістрацыі ў апошні раз
25 красавіка заснавальнікі ГПА “Наша Вясна” падаюць дакументы для рэгістрацыі аб’яднання ў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым праваабаронцы падкрэсліваюць, што трэцяя спроба звароту да Мінюсту ў выпадку чарговай адмовы ў рэгістрацыі стане апошняй.
29 сакавіка ў Менску адбыўся устаноўчы сход заснавальнікаў грамадскага праваабарончага аб’яднання "Наша Вясна". На сходзе прысутнічалі 82 прадстаўнікі з ўсіх рэгіёнаў Беларусі - праваабаронцы, юрысты, грамадскія актывісты.
Удзельнікі сходу прагаласавалі за стварэнне праваабарончай арганізацыі, за яе статут і праграму. Былі абраныя кіручыя органы - Рада ў складзе пяці чалавек, старшыня аб’яднання і Рэвізійная камісія.
Абраны старшыня Алесь Бяляцкі, які з’яўляецца віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, падчас сходу паведаміў, што праваабаронцы “спадзяюцца на міжнародную падтрымку, якая даволі выразна аказвалася зусім нядаўна, падчас папярэдняй спробы рэгістрацыі”.
Нагадаем, што гэта трэцяя спроба зарэгістраваць праваабарончае аб’яднанне. Раней Мінюст адмаўляў у рэгістрацыі двойчы: у 2007 і 2009 годзе. Апошняя адмова на рэгістрацыю была атрыманая 26 лютага бягучага году. Праваабаронцы аспрэчвалі гэтае рашэнне ў Вярхоўным Судзе. 22 красавіка Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь пакінуў без задавальнення скаргу заснавальнікаў ГПА “Наша Вясна” на рашэнне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў рэгістрацыі.
У выпадку чарговай адмовы ў рэгістрацыі, праваабаронцы прынялі рашэнне больш не звяртацца ў Мінюст для рэгістрацыі свайго аб’яднання.
“Калі дзяржава ў асобе Міністэрства юстыцыі не гатовая, ня хоча ці ня можа рэгістраваць праваабарончыя арганізацыі, то гэта застаецца праблемай самой дзяржавы. Праваабарончай дзейнасцю мы можам займацца і без дзяржаўнай рэгістрацыі. Гэта нашае законнае права, гарантаванае нам Канстытуцыяй краіны і міжнарожнымі нормамі ў галіне правоў чалавека”, - зазначыў сузаснавальнік “Нашай Вясны” Валянцін Стэфановіч.