КДБ зацікавіўся маршам апазіцыі «За незалежнасць!»
23 красавіка завод, дзе працуе актывіст «Маладога Фронту» Антон Русін, наведалі супрацоўнікі КДБ.
«На маю просьбу назвацца адзін з іх адказаў: зараз так назавуся, што выляціш з працы і больш нікуды не ўладкуешся», -- распавёў актывіст прэс-службе «Маладога фронту».
Невядомыя людзі ў цывільным распытвалі Антона Русіна пра «Малады фронт», пра яго лідэраў і пра марш «За незалежнасць!», які рыхтуе арганізацыя. Адказваць на пытанні моладзевы актывіст адмовіўся.
Нагадаем, што да гадавіны рэферэндуму 1995 года «Малады фронт» збіраецца правесці ў Менску марш «За незалежнасць!».
Плануецца, што акцыя пройдзе 14 траўня ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасці. Абвешчаны збор у 18 гадзінаў. Актывісты «Маладога Фронту» не збіраюцца падаваць заяўку на правядзенне акцыі ў Менгарвыканкам.