viasna on patreon

Акцыя салідарнасці ў Менску скончылася разгонам

2009 2009-04-17T10:09:04+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/160409act.jpg
фота Нашай Нівы

фота Нашай Нівы

Акцыя салідарнасці з рэпрэсаванымі і сем'ямі зніклых палітыкаў на Кастрычніцкай плошчы Мінска завяршылася выцясненнем часткі яе ўдзельнікаў уздоўж ракі Свіслач за вуліцу Арлоўскую, што прыкладна за шэсць кіламетраў ад плошчы.

 

На апошнім кіламетры міліцыя перайшла на бег, прымусіўшы зрабіць тое ж самае астатніх удзельнікаў — Паўла Севярынца, Артура Фінькевіча і яшчэ аднаго актывіста апазіцыі.

"Хамства звыш меры, — заявіў БелаПАН П.Севярынец, калі пераслед спыніўся. — У дзень прыезду міністра замежных спраў Чэхіі, якая старшынствуе ў Еўрасаюзе, быў арганізаваны брутальны разгон. На аднаго ўдзельніка акцыі прыпадала пяць спецназаўцаў, якія білі нас па нагах. Думаю, заўтра раніцай нам будзе пра што расказаць спадару Шварцэнбергу".

16 красавіка ў 18 гадзін больш за паўсотню маладых людзей сталі на Кастрычніцкай плошчы з партрэтамі ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Юрыя Лявонава, Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі, якія цяпер знаходзяцца ў СІЗА.

Дэманстранты трымалі ў руках расцяжкі "Моладзь БНФ памятае", "Волю палітвязням!" і сцяг стваранага руху "Маладая Беларусь". У ліку мітынгоўцаў былі палітыкі Андрэй Саннікаў, Павел Севярынец, лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, маладзёжны актывіст Артур Фінькевіч.

Яны прастаялі на плошчы каля 10 хвілін, скандзіруючы "Волю палітвязням!", "Жыве Беларусь!". Міліцыя праз мегафон папярэджвала, што акцыя не санкцыянаваная, і заклікала прысутных разысціся. Затым супрацоўнікі палка міліцыі спецыяльнага прызначэння з ужываннем сілы выцеснілі маладых людзей на вул.Інтэрнацыянальную і далей да скрыжавання з вул. Янкі Купалы, дзе адбылася сутычка з міліцыяй. Затрыманняў не было.

Давёўшы ўдзельнікаў акцыі да выставачнага цэнтра на вул. Янкі Купалы, супрацоўнікі міліцыі пакінулі іх. Дэманстранты заявілі аб намеры вярнуцца на Кастрычніцкую плошчу, але гэта ў іх не атрымалася.

На мосце праз Свіслач шлях ім заступіў міліцэйскі кардон і прадоўжыў выцясненне ўдзельнікаў акцыі, колькасць якіх паступова скарацілася з паўтара дзесяткаў да трох чалавек. 

Астатняя частка ўдзельнікаў акцыі салідарнасці (каля 15 чалавек) сабралася каля Кафедральнага сабора на плошчы Свабоды з партрэтамі і расцяжкай "Малады фронт". Прастаяўшы 20 хвілін, яны разышліся, паведаміў БелаПАН лідэр зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі Дзмітрый Дашкевіч. Паводле яго інфармацыі, у Брэсце за ўдзел у акцыі салідарнасці было затрымана шэсць чалавек, паведамляе БелаПАН

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства