У Алеся Пушкіна на мяжы забралі літаратуру
Асобнік кнігі «Беларусь. Разрыў пакаленьняў. Адрозьненьні ў мэтах, каштоўнасьцях, стратэгіі» пад рэдакцыяй Андрэя Дынько, а таксама 1 асобнік часопіса «Беларускія ведамасьці» (№ 2 (64)/2008 (Нью-Ёрк — Варшава) забралі сёння ўначы брэсцкія мытнікі ў мастака Алеся Пушкіна, які вяртаўся з Польшчы ў Беларусь.
Як распавёў прэс-службе ГА «БАЖ» сам Алесь Пушкін, пры праверцы дакументаў на станцыі Брэст-Цэнтральны ён звярнуўся да памежнікаў па-беларуску, чым выклікаў павышаную цікавасць да сябе. Пасля гэтага яго ссадзілі з цягніка і больш за 2 гадзіны даглядалі асабістыя рэчы, у выніку чаго забралі «на экспертызу» згаданую вышэй літаратуру. Пратакол вынятку падпісала старшы інспектар Людміла Уласава.
На пытанне мастака наконт тэрмінаў вяртання рэчаў мытнікі параілі яму прыехаць у Брэст 14 траўня.