Зьміцер Хведарук судзіцца з ваенкаматам
Сёньня ў Першамайскім судзе сталіцы адбудзецца разгляд скаргі актывіста “Маладога фронту” Зьмітра Хведарука на незаконныя дзеяньні прызыўной і мэдычнай камісіяў.
Суды ўжо разглядалі скаргі іншых прызыўнікоў, якіх гвалтоўна забіралі ў войска, але дагэтуль усім адмаўлялі.
Моладзевага актывіста Зьмітра Хведарука ў войска забралі без праходжаньня мэдычнай камісіі. Прэсавая сакратарка зарэгістраванага ў Чэхіі “Маладога фронту” Тацяна Шапуцька распавяла:
“Яго забралі з дому, адвезьлі ў пастарунак, пратрымалі да 11-й вечара, на ноч адвезьлі на Акрэсьціна, адтуль на наступны дзень у ваенкамат, на ноч зноў на Акрэсьціна, а раніцай – у войска”.
Хведарук служыць у Жодзіне. Праз два тыдні пасьля прызыву яму зрабілі апэрацыю – у хлопца было варыкознае пашырэньне вен, да 19 красавіка яму забаронена фізычная праца і нагрузкі. У Зьмітра і іншыя праблемы са здароўем, кажа Тацяна Шатуцька:
“Пасьля зьбіцьця падчас акцыі ў яго галава яшчэ была недалечаная. Яго некалькі разоў вазілі ў Менск на абсьледаваньне галавы, сказалі, што ўсё ў парадку. У яго яшчэ праблемы з ныркамі, апошнія некалькі дзён ён праляжаў у Бабруйскім шпіталі”.
Зьміцер Хведарук падаў скаргі ў суд на незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў ваенкамата, якія гвалтоўна ўтрымлівалі, а пасьля адвезьлі ў вайсковую частку, і дзеяньні лекараў, што не правялі належны мэдычны агляд.