viasna on patreon

Алесь Бяляцкі: "На сёньняшні дзень беларускае грамадства спавітае рэпрэсіўнымі законамі па руках і нагах"

2009 2009-03-31T17:47:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki5.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Як вядома, ў нядзелю адбыўся ўстаноўчы сход грамадскага праваабарончага аб’яднаня “Наша Вясна”. Але літаральна два дні таму, 27 сакавіка, заснавальнікам ГПА “Наша Вясна” з Вярхоўнага Суда быў дасланы ліст аб тым, што справа па адмове ў рэгістрацыі аб’яднаньня прынятая да разгляду. Ці сапраўды існавала неабходнасьць  у трэці раз праводзіць устаноўчы сход, альбо рашэньне Вярхоўнага Суда для Вас прагназуемае?

 

А.Б.: Сапраўды зараз ідзе гэткі бесперапынны працэс: з аднаго боку, мы яшчэ не скончылі абскарджваць адмову Мінюста ў рэгістрацыі праваабарончаму аб’яднаньню "Наша Вясна”, устаноўчы сход якога быў праведзены ў студзені гэтага году. Паралельна, 29 сакавіка мы правялі яшчэ адзін устаноўчы сход праваабаронцаў, з тым, каб яшчэ раз падрыхтаваць неабходныя дакументы і падаць іх у Міністэрства юстыцыі. Гэтае рашэньне звязанае з тым, што, на жаль, працэнт аб’ектыўнах разглядаў у Вярхоўным судзе па адмовах у Мінюсце з’яўляецца вельмі нізкім. Літаральна на пальцах можна пералічыць тыя арганізацыі, якія здолелі адстаяць сваё права на рэгістрацыю ў Вярхоўным судзе. Не стану казаць, што Вярхоўны Суд заангажаваны, альбо ці маюцца пры гэтым нейкія  палітычныя ўказаньні, але сама статыстыка сведчыць: разгляд спраў праходзіць часта ў вельмі жорсткай манеры і часам дастаткова адной коскі, альбо кропкі, каб адмовіць арганізацыі ў рэгістрацыі. Мы з гэтым сутыкнуліся ў 2007 годзе, калі на фармальных падставах была незарэгістраваная праваабарончая арганізацыя.

 

На устаноўчым сходзе Вы паведамілі, што ў выпадку чарговай адмовы ў рэгістрацыі спыніце спробы атрымаць афіцыйны статус? Гэта часовая тактычная пазіцыя?

 

А.Б.: Зараз гэта будзе трэцяя і апошняя спроба. Мы прыйшлі паміж самой да такой высновы. Мы паспрабуем абсалютна ідэальна падрыхтаваць пакет дакументаў, які датычыць нашай рэгістрацыі, каб ніводнай кропкі альбо коскі знайсці не ўдалося.  А з іншага боку, паспрабуем максімальна шырока падключыць міжнародны кантэкст да нашай рэгістрацыі, бо як бы там не было,  у праваабаронцаў, якія складаюць касцяк заснавальнікаў, за дзесяцігоддзі працы наладжаныя добрыя стасункі і кантакты з праваабрончымі арганізацыямі, партнёрамі за мяжой, з тымі, хто зможа паўплываць на гэтую сітуацыю, улічваючы пры гэтым спробы Беларусі палепшыць свій імідж у вачах  Еўрапейскага звязу. Я думаю, што пытаньне рэгістрацыі “Нашай Вясны”   будзе досыць сур’ёзным выпрабаваньнем для беларускіх уладаў у плане выкананьня тых абавязкаў, якія Беларусь зьбіраецца ўзяць на сябе, уступіўшы ва “Усходняе партнёрства”. А без абавязкаў там не абыйдзецца. Сустракаючыся з еўрапейскімі чыноўнікамі на многіх саммітах, магу зазначыць, што імі неаднаразова заяўлялася аб тым, што не можа быць безумоўным членства ва Усходнім партнёрстве без пэўных абавязкаў. Актыўнасць Беларусі ва “Усходнім  партнёртве” будзе вельмі моцна завязана на тым, наколькі Беларусь збіраецца выконваць стандарты ў галіне правоў чалавека, ад дэмакратызацыі сітуацыі ў Беларусі.

Мы працягваем руку да супрацоўніцтва беларускім уладам, гэтая рэгістрацыя патрэбна не толькі нам, праваабаронцам, яна патрэбна таксама і ўладам. Мы зьбіраемся працаваць адкрыта, легальна, празрыста,  не зьбіраемся хаваць нейкія там патаемныя мэты. Яны дастаткова вядомыя, і мы хочам каб краіна выканвала тыя абавязкі, у першую чаргу міжнародныя, у галіне правоў чалавека, якія  яна ўзяла на сябе. Каб выконваліся урэшце рэшт  палажэньні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Многія законы, якія датычаць грамадска-палітычнага жыцьця, на жаль, за апошнія дзесяць гадоў мелі, у асноўным, рэпрэсіўны і абмежавальны характар.

 

Спадар Алесь,  калі раптам і трэцяя спроба рэгістрацыі будзе марнай, якім чынам Вы збіраецеся надалей працаваць? Гэта не звузіць сферу вашай дзейнасьці?

 

А.Б.: На маю думку зараз, калі сучасныя тэхналогіі дазваляюць імгненна распаўсюджваць нейкія факты, калі падзея жыве тады, калі яна выкладзена ў інфармацыі, калі ёсьць кампутары, інтэрнет, мабільная сувязь, і ёсьць магчымасьць прадстаўляць інфармацыю у розныя незалежныя сродкі масавай інфармацыі,  не існуе праблемы кантактаваньня праваабаронцаў паміж сабой, з грамадскай супольнасьцю, канкрэтна з людзьмі.  Кожны праваабаронца можа індывідуальна працаваць, што фактычна ў апошні час намі і рабілася. Таксама мы маглі і супольна дабівацца выкананьня нейкіх мэтаў, як праваабаронцы. У любым выпадку праваабарончая працы ў тых накірунках, у якіх мы працавалі раней, будзе працягвацца. У першую чаргу,  гэта – дапамога ахвярам палітычных рэпрэсій, збор і распаўсюд праваабарончай інфармацыі, падрыхтоўка тэматычных дакладаў для міжнародных канферэнцый і арганізацый, актыўная праца са сродкамі масавай інфармацыі,  навучальныя праваабарончыя праграмы, якія мы праводзім у першую чаргу для моладзі.  І, безумоўна, гэта назіраньне за выбарамі, чым мы займаемся ў той альбо іншай супені больш за 10 гадоў.

Дарэчы, наступны, 2010 год, гэта год прэзідэнцкіх выбараў і час прыйшоў, каб думаць, якім чынам усё будзе адбывацца, як арганізаваць найбольш эфектыўную работу па назіраньні.

 

Вы на працягу многіх гадоў займаецеся зборам і аналізам інфармацыі аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі. Якія, на Вашу думку, самыя балючыя кропкі можна вылучыць, аналізуючы парушэньні правоў чалавека.

 

А.Б.: Найперш, гэта цэлы комплекс рэпрэсіўных законаў, які закранаюць грамадска-палітычнае жыцьцё ў Беларусі, тых правоў і абавязкаў, якія маюць беларускія грамадзяне. Дастаткова нагадаць некаторыя законы, прынятыя за апошня дзесяць год:  Законы аб сродках масавай інфармацыі, аб супрацьдзеяньні экстрэмізму, аб масавых мерапрыемствах. А яшчэ Закон аб дзейнасьці няўрадавых арганізацый і палітычных партый і тыя зьмены, што былі ўнесены ў крымінальнае заканадаўства, якое тычыцца грамадскай дзейнасьці. Усе  яны патрабуюць вельмі сур’ёзнага і ўдумлівага перагляду, ды і ўвогуле перапісваньня. На сёньняшні дзень беларускае грамадства проста спавітае гэтымі рэпрэсіўнымі законамі па руках і нагах.

Мы павінны дабівацца перагляду гэтах законаў і ўвогуле дэмакратызацыі ўсяго заканадаўства, што дазволіць больш вольна пачувацца беларускім грамадзянам і  грамадскім ініцыятывам,  прафсаюзам і палітычным партыям – усім тым, хто сёньня фарміруе грамадскае жыцьцё краіны.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства