Затрыманыя грамадзяне Грузіі Георгій Кандэлакі і Лука Цуладзе не былі дэпартаваныя з Беларусі і дагэтуль утрымліваюцца ў прыёмніку-разьмеркавальніку
Як стала сёньня вядома Праваабарончаму цэнтру “Вясна” грамадзяне Грузіі Георгій Кандэлакі і Лука Цуладзе дагэтуль утрымліваюцца ў прыёмніку-разьмеркавальніку ГУУС Мінгарвыканкама. Працэдура іх дэпартацыі не адбылася, яны не былі адпраўленыя сёньня да дому авіярэйсам Мінск-Тбілісі.
Прычыны іх далейшага ўтрыманьня ў прыёмніку-разьмеркавальніку не вядомыя.
Паводле афіцыйнай інфармацыі рашэньне аб прымусовай дэпартацыі грамадзян Грузіі было прынятае КДБ у сувязі “з умяшальніцтвам ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусь”. Згодна з версіяй КДБ “умяшальніцтва” заключалася ў тым, што Георгій Кандэлакі і Лука Цуладзе падчас свайго знаходжаньня ў Беларусі мелі шэраг сустрэч з прадстаўнікамі не зарэгістраваных моладзевых арганізацый “Зубр”, “Малады фронт”, “Лімон”, а таксама нібыта ўдзельнічалі ў распаўсюдзе не зарэгістраванай друкаванай прадукцыі. Затрыманьне Георгія Кандэлакі і Лукі Цуладзе было санкцыянаванае пракурорам Маскоўскага р-на г. Мінска.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” зьвяртае ўвагу на тое, што ўтрыманьне грамадзян Грузіі ў спец.прыёмніку-разьмеркавальніку адбываецца з грубымі парушэньнямі дзеючага беларускага і міжнароднага заканадаўства, парушае правы чалавека. Так, учора да затрыманых не быў дапушчаны адвакат і прадстаўнік амбасады Грузіі, адмоўлена ў прыёме харчовай перадачы. Георгій кандэлакі і Лука Цуладзе былі пазбаўлены юрыдычнай дапамогі і магчымасьці абскардзіць вынесенае КДБ рашэньне аб дэпартацыі ў судовым парадку. Факт таго, што грамадзяне Грузіі не былі дэпартаваныя да дому і дагэтуль беспадстаўна утрымліваюцца за кратамі сьведчыць пра тое, што адміністрацыя Лукашэнкі праводзіць чарговую акцыю запалохваньня на пярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 г.