Актывісты Баранавічаў - супраць рашэння гарвыканкама аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў
У Баранавічах група актывістаў дэмсіл звярнулася ў гарадскі савет дэпутатаў з просьбай адмяніць рашэнне Баранавіцкага гарвыканкама ад 17 студзеня 2006 года № 4 "Аб парадку правядзення ў г. Баранавічы масавых мерапрыемстваў". Аналагічная просьба накіравана ў Брэсцкі аблвыканкам. Пад гэтымі дакументамі падпісаліся член БХК Карней Пятровіч, актывіст руху "За Свабоду" Віктар Сырыца і праваабаронца Сяргей Гоўша.
- Мы лічым, што гэта рашэнне мясцовых улад фактычна пазбаўляе жыхароў горада магчымасці рэалізаваць сваё права на арганізацыю масавых мерапрыемстваў, закладзенае ў Канстытуцыі, і таму падлягае адмене, — паведаміў В.Сырыца. — На падставе гэтага рашэння гарвыканкама заяўнікі масавага мерапрыемства абавязаны скласці дагаворы з ЖКГ, органамі па НС, міліцыяй, медыкамі і спецаўтабазай па забеспячэнні парадку і бяспекі пры правядзенні масавага мерапрыемства і зрабіць перадаплату гэтых паслуг. Але ў адпаведнасці з законам "Аб масавых мерапрыемствах" такія паслугі аплачваюцца пасля іх правядзення. Апрача таго, мы лічым, што наогул аплата за такія паслугі пазбаўляе магчымасці тых, хто не мае сродкаў заплаціць за іх, рэалізаваць сваё права на правядзенне масавых мерапрыемстваў.
Паводле слоў В.Сырыцы, мясцовыя ўлады з матывіроўкай аб невыкананні гэтых умоў пастаянна забараняюць актывістам дэмсіл правядзенне акцый у горадзе. Апошні раз дазвол на масавае мерапрыемства быў атрыманы імі больш за два гады таму. Пры гэтым толькі ў 2008 годзе за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях было аштрафавана 20 актывістаў.