Ці знойдзецца ў Менску памяшканьне для новага ўстаноўчага сходу “Нашай Вясны”?
Сузаснавальнікі грамадскага праваабарончага аб'яднаня “Наша Вясна”, якому ў другі раз было адмоўлена ў рэгістрацыі 26 лютага, не пакідаюць надзеі займець легальны статус у Беларусі. Яны прынялі рашэньне ў самы бліжэйшы час сабраць яшчэ адзін устаноўчы сход і ў трэці раз паўтарыць працэдуру, неабходную для падачы дакументаў для рэгістрацыі ў Міністэрства юстыцыі.
Паколькі адной з прычынаў адмовы ў рэгістрацыі Мінюст назваў нібыта замалую плошчу памяшкання для сходу (“…высветлілася, што сход, у якім нібыта прымала ўдзел 67 чалавек, праводзіўся ў памяшканні плошчай 35 кв.м. З улікам наяўнасці ў памяшканьні мэблі, аргтэхнікі і размяшчэньня прэзідыума на кожнага ўдзельніка сходу павінна было б прыходзіцца меней 0,5 кв.м.”), праваабаронцы вырашылі афіцыйна знайсьці больш прасторнае памяшканне.
Дзеля гэтага былі разасланыя лісты кіраўнікам розных арганізацый, якія маюць магчымасьць прадаставіць у арэнду памяшканьне. Сумненьні заснавальнікаў у тым, што заля будзе прадстаўлена, цалкам падцвердзіліся. На іх адрас прыйшлі лісты з адмовамі. Першай адгукнулася дырэкцыя ААТ “Гасцініца “Планета”, якая паведаміла, што “аказаньне паслуг па арэндзе памяшканьня на 70 чалавек не прадстаўляецца магчымым”.
Нагадаем, што зусім нядаўна, напрыканцы лютага улады Мінска стварылі перашкоды у арэндзе памяшканьня для устаноўчага з’езду партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя. І толькі дзякуючы рашучым патрабаваньням міжнародных арганізацый залю прадставілі.
Такімі метадамі ўлады ствараюць “спрыяльныя ўмовы” для развіцця грамадзянскай супольнасці у краіне, пра што нярэдка афіцыйныя асобы любяць заяўляць з высокіх трыбун.