viasna on patreon

Алесь Бяляцкі – на Радыё Свабода

2009 2009-03-11T19:49:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/a_bialiacki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Кіраўнік “Вясны” Алесь Бяляцкі

Кіраўнік “Вясны” Алесь Бяляцкі

Сёння ўдзельнікі онлайн-канфэрэнцыі Радыё Свабода мелі магчымасць задаць свае пытанні Алесю Бяляцкаму, праваабаронцу, віцэ-прэзідэнту Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека (FIDH), лаурэату прэміі Homo Homini за праваабарончую дзейнасць (2006 г.). Гэтая віртуальная размова паказала, што грамадзянаў цікавіць як агульная сітуацыя  з правамі чалавека ў Беларусі, так і асобныя лёсы праваабаронцаў.

 

Макс: Наколькі важнае для Эўразьвязу выкананьне правоў чалавека у так званым дыялёгу? Ці Эўропа вырашыла "заплюшчыць вочы" на палітвязьняў - Аўтуховіча і іншых?

А. Б.: Захаваньне правоў чалавека ў Беларусі, працэс паляпшэньня сітуацыі з грамадзкімі і палітычнымі правамі, са свабодай СМІ – гэта галоўнае патрабаваньне Еўразьвязу да беларускіх уладаў. Пра гэта неаднаразхова заяўлялі высокія чыноўнікі Еўразьвязу. У залежнасьці ад таго, як будзе ісьці гэты працэс – такімі будуць выбудоўвацца і стасункі паміж Еўразьвязам і Беларусьсю. Тут у мяне няма ніякіх сумненьняў.

Быўшы у Бруселі на мінулым тыдні і размаўляючы на розных узроўнях “брусельскіх калідораў” – і на палітычным і на выканаўчым, мяне парадавала абазнанасьць чыноўнікаў што датычыцца нашай сітуацыі з правамі чалавека, якія адказваюць за Беларусь. Там адсочваюць кожны крок беларускіх уладаў і кожную падзею, якая ў нас адбываецца. Што тычыцца Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі – па іхняй справе недастаткова зьвестак, каб рабіць адназначныя высновы. Мы патрабуем адкрытага працэсу, што дазволіла б нам заняць больш вызначаную пазіцыю.

prava: Хто на Ваш погляд вінаваты ў смерці яны Паляковай?

А. Б.: Вінаватая тая сістэма, якая склалася ў нас, калі любы чалавек, ня толькі праваабаронца, у сутыкненьні з дзяржаўнай машынаю, практычна ня ў стане абараніць свой гонар і годнасьць. Вось так сталася і з Янай Паляковай. Неабгрунтавана высокі прысуд па крымінальнай справе, дзе яна аказалася “вінаватай” у даносе на супрацоўніка міліцыі. Распавядзіце мне хоць пра адную крымінальную справу за апошнія гады, калі міліцыянты былі пакараныя за перавышэньне паўнамоцтваў? Зразумела, што Яну хацелі прыкладна пакараць, каб іншыя баяліся скардзіцца на міліцыю. А затым зьдзеклівы і хамскі артыкул у “Советской Белоруссии” – праўладнай дзяржаўнай газеце, якой таксама няма ніякіх шанцаў адказаць годна, абараніць свой гонар і годнасьць. Хтосьці вытрымлівае такія ўдары, а хтосьці і не. Нажаль, Яна ня вытрымала.

Зьміцер: Як сёння пражыць сумленнаму праваабаронцу у нашай краіне. Сёння суд асудзіў Яну Палякову, а заўтра асудзяць усіх астатніх сумленных праваабаронцаў?

А. Б.: Што тычыцца судоў над праваабаронцамі – дык, як пісаў Анатоль Сыс -- “сам выбраў долю”. Праваабаронцы ў Беларусі адносяцца да грамадзкай групы рызыкі. Іх пакуль што яшчэ не забіваюць, як у Расіі, але судзяць, дэскрэдытуюць, зьневажаюць, спрабуюць адлучыць ад грамадзтва. Тым ня меньш, у нас вялікая, актыўная і адважная праваабарончая супольнасьць. Вось і сёньня мясцовыя ўлады ўціскаюць астравецкіх праваабаронцаў Івана Крука і Міколы Уласевіча, якія спрабуюць распачаць кампанію супраць пабудовы АЭС на Астравеччыне. Выдадзены ордэр на догляд іхніх кватэраў, такі догляд ужо ідзе ў Міколу Уласевіча. Нялёгка бараніцьб правы чалавека ў Менску, але яшчэ цяжэй у такіх вось маленькіх гарадках. Гэта сапраўды мужныя людзі.

Ігар: Як Вы лічыце, якім чынам можна разбудзіць беларускія сэрцы, каб прачнулася ў іх любоў да бліжняга? Чаму ў людзей столькі нянавісьці, у першую чаргу да сябе? Дзе выйсьце з агульнага крызізу?

А. Б.: Пытаньні вечныя, на якія няма простага і адназначнага адказу. Для мяне праваабарона як раз і цікавая тым, што мы спрабуем разбудзіць ва ўладаў і ў грамадзтве павагу да такіх каштоўнасьцяў, як чалавечае жыцьцё, адвечнае чалавечае права “людзьмі звацца”. Але барацьба за гэтыя каштоўнасьці – няспынная. Яна будзе працягвацца столькі, колькі будзе існаваць чалавечы род.

Паводле www.svaboda.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства