На Радыё Свабода - онлайн-канфэрэнцыя з Алесем Бяляцкім
Сёньня, 11 сакавіка а 11-ай гадзіне на Радыё Свабода адбудзецца онлайн-канфэрэнцыя з кіраўніком праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесем Бяляцкім. Паводле амэрыканскай арганізацыі "Freedom House", Беларусь знаходзіцца ў двадцатцы самых несвабодных краінаў сьвету.
Алесь Бяляцкі нарадзіўся 25 верасьня 1962 г. у Сартавальскім раёне Карэліі (Расея). Скончыў гістарычна-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, асьпірантуру Інстытуту літаратуры АН Беларусі. Працаваў дырэктарам літаратурнага музэю Максіма Багдановіча (1989 – 1998). Адзін з заснавальнікаў таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя” і яго старшыня ў 1986 – 1989 гг. Быў дэпутатам Менскага гарсавету (1992 – 1996). Сябра Аргкамітэту Беларускага народнага фронту “Адраджэньне” (1988), быў намесьнікам старшыні Партыі БНФ. З 1996 году – кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна”, які пазьней быў забаронены ўладамі.
У сакавіку 2006 году Вацлаў Гавэл уручыў Алесю Бяляцкаму прэмію "Homo Homini" за праваабарончую дзейнасьць.