viasna on patreon

Пакаралі без доказаў вінаватасці

2009 2009-03-09T14:45:13+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudy.jpg

Суддзя Аксана Сарахман пакарала буйным штрафам актывіста Рыгора Грыка за нібыта арганізацыю і правядзенне несанкцыянаванага мітынга прадпрымальнікаў. Баранавіцкія прыхільнікі “Руха “За Свабоду” падтрымлівалі на судзе слесара-рамонтніка, былога кандыдата ў дэпутаты парламента Рыгора Грыка, які абвінавачваўся ў арганізацыі і правядзенні несанкцыянаванага мітынгу прадпрымальнікаў у Баранавічах 12 студзеня.


Суддзя па адміністрацыйных справах Аксана Сарахман на самым пачатку слуханняў адмовіла ў задавальненні хадайніцтва Грыка пра допуск да справы свайго прадстаўніка, юрыста “Руху “За Свабоду” Карнея Пятровіча, а таксама не дала магчымасці абвінавачанаму папярэдне азнаёміцца са справай.


Падчас судовых слуханняў быў выяўлены шэраг парушэнняў з боку праваахоўчых органаў. Так, у пратаколе і іншых абвінаваўчых дакументах, складзеных ст. лейтэнантамі міліцыі Бязукавым А.В. і Паплаўскім А.І, былі знойдзены выпраўленні датаў.  Са слоў міліцыянтаў стала вядома, што матэрыялы супраць Грыка да іх паступілі з мясцовага КДБ і пракуратуры. Участковы міліцыянер складаў пратакол у апорным пункце без прысутнасці Грыка і сведкаў, не ўручыў яму нават копію. Было выяўлена, што імя адной з двух сведкаў не адпавядала складзенаму дакументу. І галоўнае – абедзве сведкі не пацвердзілі галоўнага абвінавачвання Грыка ў тым, што ён разносіў улёткі і заклікаў прадпрымальнікаў да ўдзелу 12 студзеня ў агульнагарадской акцыі і фактычна з’яўляўся яе арганізатарам. Жанчыны-сведкі ў адзін голас са слязьмі заявілі, што змест іх тлумачэнняў, складзеных вышэй названымі міліцыянтамі не адпавядаў таму, што яны гаварылі.

На падставе выяўленых фактаў адвакат Зоя Гаўдзей прапанавала спыніць адміністрацыйную справу супраць Грыка за арганізацыю і правядзенне мітынгу з-за адсутнасці складу правапарушэння. Усе прысутныя былі ўпэўненыя, што справа скончыцца на карысць Рыгора Грыка.

Нягледзячы на адсутнасць доказаў віны Рыгора Грыка, суддзя Аксана Сарахман прызнала яго вінаватым і пакарала штрафам у 20 базавых велічыняў.

На думку актывістаў Руху, які прысутнічалі пры разглядзе справы, гэты адміністрацыйны працэс у чарговы раз прадэманстраваў некампетэнтнасць і неаб’ектыўнасць праваахоўных арганаў горада Баранавічы і поўную залежнасць нашага суда ад выканаўчай улады. Па словах праваабаронцы Карнея Пятровіча, будзе зроблена ўсё, каб абскардзіць такое рашэнне  Баранавіцкага суда.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства