viasna on patreon

Праваабарончаму грамадзкаму аб'яднаньню "Брэсцкая вясна" адмовілі ў рэгістрацыі

2009 2009-03-09T10:54:26+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/brest_spring.jpg

Чацьвёртая спроба зарэгістраваць праваабарончую грамадзкую арганізацыю ў Берасьцейскай вобласьці скончылася для праваабаронцаў адмоўна. Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Берасьцейскага абласнога выканаўчага камітэту адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі праваабарончаму грамадзкаму аб'яднаньню "Брэсцкая вясна".

Уладзімер Вялічкін, адзін з заснавальнікаў абласнога праваабарончага аб'яднаньня, паведаміў, што фармальнай падставай паслужыла адсутнасьць квітка аплаты за разьмяшчэньне ў газэце інфармацыі аб рэгістрацыі.

Уладзімер Вялічкін: "Афіцыйнай падставай для адмовы ў рэгістрацыі паслужыў той факт, што пры здачы дакумантаў на рэгістрацыю не было квітка аплаты за разьмяшчэньне ў газэце аб'явы аб дзяржаўнай рэгістрацыі грамадзкага аб'яднаньня".

Праваабаронца лічыць, што калі б улады жадалі ісьці на супрацоўніцтва з грамадзкімі актывістамі, яны б паведамілі пра гэты недахоп у дакумэнтах і, у крайнім выпадку, вярнулі б дакумэнты на дапрацоўку.

Уладзімер Вялічкін: “Я лічу, што гэта штучна створаная была такая падстава, таму што калі мы падавалі дакуманты, то думалі, што напэўна нейкія недахопы будуць, але лічылі, што ўсё ж такі ўлады на хвалі лібэралізацыі паспрыяюць ці акажуць дапамогу ў працэсе рэгістрацыі. У выніку, як мы бачым, у мясцовай улады не было ніякага жаданьня рэгістраваць праваабарончую арганізацыю. Той факт, што не было квітка, для іх быў як бальзам на душу, я так лічу”.

Адразу пасьля атрыманьня афіцыйна паперы аб адмове ў рэгістрацыі, праваабаронцы правялі ўстаноўчы сход праваабарончага грамадзкага аб'яднаньня "Брэсцкая вясна". І зноў накіравалі дакумэнты на рэгістрацыю.

 

Уладзімер Вялічкін: “Калі будзе нават фармальная нейкая падстава ў адмове, мы падамо трэці раз. Калі мы не пагодзімся з высновамі галоўнага ўпраўленьня юстыцыі, будзем зь імі судзіцца”.

Нагадаю, што на пачатку сакавіка Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь выдала пастанову аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі грамадзкага праваабарончага аб’яднаньня “Наша вясна”. Праваабаронцы заяўляюць, што такімі дзеяньнямі праваабаронцы парушаюць правы чалавека і міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека.

Над пытаньнем, чаму ўлада не жадае супрацоўнічаць з арганізацыямі, якія дапамагаюць грамадзянам бараніць свае правы, разважае праваабаронца Юрась Жыдовіч.

Юрась Жыдовіч: "Усе дзяржавы неахвотна ідуць на супрацоўніцтва з праваабарончымі арганізацыямі. Спэцыфіка дзяржавы ў тым, што яна імкнецца рабіць як можна менш, а праваабарончыя арганізацыі падштурхоўваюць дзяржаву да нейкай дзейнасьці. Таму любая дзяржава супрацоўнічае з праваабарончымі арганізацыямі неахвотна. Але ў Беларусі гэта носіць татальны характар, таму што гэтых хібаў у дзяржавы намнога больш, чым у любой іншай. Да таго ж у нас няма грамадзянскай супольнасьці, якая б прымушала дзяржаву да супрацоўніцтва з праваабаронцамі".

Гэта ўжо пятая спроба берасьцейскіх праваабаронцаў атрымць дзяржаўную рэгістрацыю. Першыя тры былі ў 2004 годзе, адразу пасьля ліквідацыі Грамадзкага аб'яднаньня "Праваабарончы цэнтар “Вясна”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства