У Гомелі затрымалі амэрыканскага дыпламата
23 жніўня ў Гомелі міліцыянты затрымалі на паўгадзіны супрацоўніка палітычнага аддзелу амбасады ЗША ў Беларусі Лайла Макмілана, паведаміла радыё Свабода. Гэта адбылося на прыватнай кватэры ў доме №35 на праспекце Леніна.
Сустрэча амэрыканскага дыплямата з грамадзкімі актывістамі Гомеля мелася адбыцца ў доме гомельскага палітыка Віктара Карнеенкі на вуліцы Палескай, 52. Але міліцыя і пажарныя яшчэ за некалькі гадзін перакрылі пад'езд да дому пад выглядам таго, што ў суседнім доме знойдзена міна часоў вайны. Таму сустрэча была перанесеная ў прыватную кватэру прадстаўніка Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Юрася Захаранкі.
Супрацоўнікі міліцыі пад выглядам апэрацыі па барацьбы з незаконнымі мігрантамі зьявіліся ў прыватную кватэру правяраць пашпарты. Пагражалі нават узламаць дзьверы, калі гаспадар іх не адчыніць. Нават пасьля прад'яўленьня Лайлам Макміланам дыпляматычных дакумэнтаў міліцыянты не дазвалялі амэрыканцу пакінуць кватэру, патрабуючы яшчэ і ягоны пашпарт.
Джып амэрыканскага дыплямата скрозь перасьледавалі ня толькі міліцыянты ды людзі ў цывільным, але і здымачная група абласнога тэлебачаньня.