viasna on patreon

Яшчэ аднаму сябру БАЖ - папярэджаньне за “Белсат”

2009 2009-03-04T14:20:40+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/belsat1.jpg

Сябра БАЖ Алег Ражкоў з Гомеля атрымаў па пошце афіцыйнае папярэджаньне Гомельскай абласной пракуратуры “за ажыцьцяўленьне журналісцкай дзейнасьці на карысьць польскага спадарожнікавага тэлеканалу “Белсат”.

 

У папярэджаньні за подпісам намесьніка пракурора Генадзя Раманюка гаворыцца, што пракуратура правяла праверку з нагоды зваротаў грамадзянак Валянціны Маісеенкі й Натальлі Ягоравай. Тыя паскардзіліся, што інтэрвію, якое яны давалі журналістам Алегу Ражкову й Тацяне Бублікавай, было ў лістападзе 2008 году паказана па тэлеканале “Белсат”, які “не зарэгістраваны ў вызначаным заканадаўствам парадку”.

 

Тым самым Алег Ражкоў, не “зьяўляючыся журналістам і ня маючы акрэдытацыі пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь у якасьці карэспандэнта замежнага сродку масавай інфармацыі”, парушыў частку 4 артыкула 35 Закону “Аб сродках масавай інфармацыі”, які забараняе “ажыцьцяўленьне прафэсійнай дзейнасьці журналістаў замежных сродкаў масавай інфармацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь без акрэдытацыі”.

 

“Папярэджаньне гэтае не абгрунтаванае, — лічыць Алег Ражкоў. — Мяне нікуды не выклікалі, тлумачэньняў ня бралі. Ніякіх афіцыйных стасункаў з тэлеканалам “Белсат” я ня маю. І калі я не зьяўляюся журналістам, як пішацца ў дакумэнце пракуратуры, то якое наагул мне можа быць папярэджаньне?”

 

Нагадаем, што аналягічнае папярэджаньне 24 лютага Гомельская абласная пракуратура вынесла сябру БАЖ Тацьцяне Бублікавай за дзеяньні, як сказана, “на карысьць тэлеканалу “Белсат”, які ажыцьцяўляе вяшчаньне на Беларусь з тэрыторыі Польшчы”.

 

Днямі стала вядома, што беларускі МЗС адмовіўся зарэгістраваць у Беларусі спадарожнікавы тэлеканал “Белсат”, які фінансуецца польскім урадам, з прычыны “няправільнага афармленьня дакумэнтаў”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства