Беларусы свету не могуць знайсці месца для правядзення З’езду
18 -19 ліпеня пройдзе V З’езд беларусаў свету, арганізатарам якога выступае Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына». Удзел у мерапрыемстве возьмуць дэлегаты з 29 краінаў.
Тэма форуму — «Нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў у сучасным свеце: праблемы захавання і развіцця».
Для падрыхтоўкі форума створаны Арганізацыйны камітэт, у склад якога ўвайшлі 88 прадстаўнікоў з Беларусі ды розных краін свету. Сустаршынямі Аргкамітэту абраныя Радзім Гарэцкі, Аляксей Марачкін, Алена Макоўская з метрапольнага боку, Алег Рудакоў з Расіі і Вячка Станкевіч з ЗША.
Зацверджаны таксама склад Рабочай групы з 16 асобаў на чале з Нінай Шыдлоўскай, намесніцай старшыні Рады.
Пакуль застаецца няясным пытанне з памяшканнем для з’езду. Адмовілі сталічныя Палац чыгуначнікаў і Палац прафсаюзаў. «Думае» Палац Рэспублікі.
Кіраўніцтва ЗБС «Бацькаўшчына» не выключае, што форум давядзецца правесці па-за межамі краіны. Называюцца варыянты Вільні, Кіева, Смаленска, Даўгаўпілса, а таксама пляцоўкі па-за межамі беларускай сталіцы.
Папярэднія чатыры з'езды прайшлі ў 1993, 1997, 2001, 2005 г. у Менску.