Вярхоўны Суд не задаволіў скаргу Панамарова
Намеснік старшыні Вярхоўнага Суда Валер Калінковіч палічыў пакаранне актывіста буйным штрафам за падрыхтоўку сустрэчы з сябрамі Таварыства аховы помнікаў правамерным.
Вярхоўны Суд разгледзеў скаргу Сяргея Панамарова на рашэнні Клецкага раённага і Мінскага гарадскога судоў адносна пакарання яго штрафам за падрыхтоўку нібыта несанкцыяванага мерапрыемства.
Вярхоўны суд палічыў, што менавіта Сяргей Панамароў з'яўляўся арганізатарам сустрэчы жыхароў Клецку з сябрамі Таварыства аховы помнікаў. Суд таксама палічыў, што сустрэча, якую планаваў Панамароў, з'яўляецца фактычна сходам, для правядзення якога ён не атрымаў дазволу ад мясцовых уладаў. Намеснік старшыні Вярхоўнага Суда сп. Калінковіч мяркуе, што Сяргей Панамароў у парушэнне Закона "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь" таксама нібыта не паведаміў пра мэту мерапрыемства.
− Я абураны рашэннем Вярхоўнага Суда. Лічу, што яно абсалютна несправядлівае. Я заўсёды акцэнтаваў увагу на тым, што гэта менавіта сустрэча, а не сход. На правядзенне сустрэчы дазволу не трэба. Галоўнае пры арганізацыі сустрэчы, каб не было пярэчанняў з боку райвыканкама. Райвыканкам у асобе начальніка аддзела культуры Дудука не меў нічога супраць. І тэматыку мерапрыемства я акрэсліваў, хаця, строга кажучы, такога патрабавання для мерапрыемства падобнага фармату няма, − кажа Сяргей Панамароў.
Актывіст Руху "За Свабоду" намераны працягваць дабівацца адмены рашэння Клецкага раённага суда, які пакараў яго штрафам у 30 базавых велічынь за мерапрыемства, якое яму нават не дазволілі правесці.