Анжаліку Борыс зноў дапытвалі ў міліцыі, а каманда Тадэвуша Кручкоўскага рыхтуецца да паўторнага зьезду
22 жніўня ў Горадні старшыню Саюзу палякаў Анжаліку Борыс апоўдні выклікалі ў Ленініскі РАУС. Пасьля допыту ў якасьці сьведкі Анжаліка Борыс паведаміла, што ў яе цікавіліся: дзе яна была ў ноч з 6-га на 7-га студзеня, калі нехта невядомы спаліў аўтамабіль “Опэль” Тадэвуша Кручкоўскага, экс-старшыня Саюзу палякаў, паведаміла радыё Свабода.
Карэспандэнт пацікавіўся ў Анжалікі Борыс: як яна можа падсумаваць вынікі вылучэньня камандай Тадэвуша Кручкоўскага дэлегатаў на паўторны зьезд Саюзу палякаў? Яна адказала, што вылучэньне дэлегатаў было пад пільным наглядам мясцовых органаў улады, камітэтаў па справах ідэалёгіі і гэтак далей. Паўсюдна гэта рабілася сілай, прымусам. На ніводным практычна сходзе не было кворуму, пры гэтым на сходах нават прысутнічалі папросту пабочныя асобы.
Тым часам Канстанцін Тарасевіч, які ачольваў паседжаньне, дзе было прынятае рашэньне наконт паўторнага зьезду, сьцьвярджае, што прымусу на сходах па вылучэньні дэлегатаў, не было: “Такая інфармацыя да мяне таксама даходзіла. Я папытаўся, напрыклад, у Івянцы, потым у Барысаве, як прайшло, у Клецку, у Нясьвіжы. Ніхто не пацьвердзіў, што там нехта ўмешваўся ці ўціскаў”.
Спадар Тарасевіч паведаміў, што на зьезьдзе ня будзе дэлегатаў ад сталіцы. Кіраўнічы орган Менскага аддзелу СПБ пастанавіў не вылучаць іх, паколькі запозна атрымаў дакумэнты наконт маючага адбыцца зьезду, сказаў Кансанцін Тарасевіч.