Аляксандр Казулін – у падтрымку “Нашай Вясны”
Аляксандр Казулін, былы рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і экс-кандыдат у прэзідэнты, выказаў сваё меркаванне наконт сітуацыі з рэгістрацыяй праваабарончага аб’яднання “Наша Вясна”:
“Я лічу, што афіцыйная рэгістрацыя праваабарончага аб’яднання “Наша Вясна” з'яўляецца неабходнай умовай для таго, каб грамадзяне нашай краіны разумелі, што яны хоць у нейкай ступені абароненыя перад законам.
Гэтая арганізацыя існуе даўно. На яе рахунку вельмі шмат добрых спраў. Прычым, менавіта канкрэтных спраў, якія ніхто не можа аспрэчыць. І тое, што яна змушаная дзейнічаць у паўлегальных умовах, выклікае сур'ёзную занепакоенасць наконт таго, што афіцыйны Менск усё ж вядзе няшчырую палітыку ў адносінах дыялогу з Еўропай і спробы наладзіць нейкую выразную, канкрэтную лінію.
Для мяне "Вясна" - адна з самых дзейсных праваабарончых арганізацыяў, якая на працягу ўжо амаль 13 год аказвае канкрэтную дапамогу канкрэтным людзям”.