Сход грамадзкіх аб’яднаньняў Гомельшчыны не дазволены
Гомельскі абласны выканаўчы камітэт не даў дазволу на правядзеньне сходу грамадзкіх арганізацыяў і ініцыятыў Гомельскай вобласьці, паведаміла прэс-служба НДА.
У межах падрыхтоўкі да Асамблеі няўрадавых арганізацыяў, якая адбудзецца 6–7 сакавіка ў Менску, у кожнай вобласьці ладзяцца рэгіянальныя сходы, на якіх абмяркоўваецца сытуацыя ў трэцім сэктары рэгіёну і рыхтуюцца прапановы да агульнага сходу.
Як паведаміў намесьнік старшыні гомельскага гарадзкога аддзяленьня беларускага рэспубліканскага аб’яднаньня “Прававая ініцыятыва” Уладзімер Кацора, сход грамадзкіх аб’яднаньняў і ініцыятыў плянавалася правесьці ў Доме творчасьці дзяцей і моладзі “Юнацтва”. Была дасягнутая папярэдняя вусная дамова з дырэктарам Дому творчасьці аб арэндзе памяшканьня. Дом творчасьці належыць упраўленьню культуры аблвыканкама. Таму, каб атрымаць афіцыйны дазвол на арганізацыю мерапрыемства ў гэтым памяшканьні, Уладзімер Кацора зьвярнуўся да намесьніка старшыні аблвыканкама па ідэалёгіі Кірычэнкі. Праз некаторы час з Кацорам праз тэлефон зьвязаўся дырэктар Дома творчасьці дзяцей і моладзі “Юнацтва”, які сказаў, што не можа прадаставіць памяшканьне. Прычыны адмовы ён не назваў, спаслаўшыся на тое, што гэта “не тэлефонная размова”.
Намесьнік старшыні гомельскага гарадзкога аддзяленьня беларускага рэспубліканскага аб’яднаньня “Прававая ініцыятыва” Уладзімер Кацора запэўніў, што сход грамадзкіх арганізацый і ініцыятыў Гомельскай вобласьці ўсё роўна адбудзецца. “Мы правядзём яго ў офісе арганізацыі, але будзем вымушаныя запрасіць менш людзей, чым плянавалася на пачатку”, – адзначыў арганізатар.