Франак Вячорка падпісаў форму сакрэтнасьці
Лідэр моладзі БНФ Франак Вячорка падпісаў так званую форму допуску сакрэтнасьці № 3, згодна зь якой спэцслужбы могуць бесьперашкодна ўмешвацца ў ягонае прыватнае жыцьцё, а таксама ягоных сваякоў.
Ён зрабіў гэта пасьля таго, як узвод, у якім служыць Франак, пазбавілі на месяц звальненьняў.
7 лютага пасьля прыняцьця прысягі Франка Вячорку перавялі служыць у Мазырскую радыётэхнічную вайсковую частку. Бацька Франка, Вінцук Вячорка, намагаецца праз судовыя інстанцыі прызнаць гвалтоўны прызыў сына незаконным. Франак паведаміў “Свабодзе”, што прыняў прысягу на вернасьць беларускаму народу й гатовы бараніць незалежнасьць краіны ад Расеі, а, калі будзе ў гэтым неабходнасьць — ад краінаў Захаду.
Вінцук Вячорка лічыць, што пазбаўленьне ўзводу звальненьняў на месяц ёсьць спробай настроіць салдат супраць ягонага сына. Ён прыгадаў абразьлівыя сюжэты Беларускага тэлебачаньня, у якіх Франка паказвалі як ненадзейнага грамадзяніна, які любіць піць каньяк і шмат размаўляць з замежнікамі падчас міжнародных канфэрэнцый.
Вячорка зазначыў, што на гэтым тле дзіўным выглядае жаданьне кіраўніцтва даверыць Франку вайсковыя сакрэты.