viasna on patreon

Маёмасць Руху застаецца пад канфіскацыяй

2009 2009-02-06T13:59:14+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Згодна з рашэннем суда Першамайскага раёна, актывісту Руху "За Свабоду" Аляксею Кавальцу вярнулі толькі 9 прадметаў са спісу апісанай судовымі выканаўцамі маёмасці.

Усяго спіс прадметаў, якія Аляксей Кавалец прасіў вывесці з акту опіса маёмасці, складае 39 прадметаў. Сюды трапілі электрабытавыя прыборы, мэбля, гадзіннікі, жырандоля, кампутары, аргтэхніка, тэлефон.

Суд адбываўся пад старшынствам суддзі Рэвінскай, пры ўдзеле сакратара Хілко і пракурора Філіпоўскага.

Суду была перададзена выпіска з пратаколу накладання арышту на маёмасць адказчыка, у якой пазначана, што ў кватэры "имущества, подлежащего аресту, не имеется". Суд таксама не палічыў за доказ той факт, што кватэра з 2000 года здаецца ў найм. Сведчанні тых, хто дапамагаў перавозіць маёмасць Аляксея Кавальца, суд гэтак жа не палічыў істотнымі.

Суддзя пагадзілася вярнуць Аляксею Кавальцу толькі адзін кампутар, частку аргтэхнікі, гадзіннікі, электрапеч, кулер для вады − тое, на што здолелі адшукаць дакументы, якія падцвярджаюць прыналежнасць рэчаў Аляксею Кавальцу.

− Уся гэтая судовая справа, опіс маёмасці − гэта палітычны заказ. Я з'яўляюся памочнікам старшыні ПАГА "Рух "За Свабоду" Аляксандра Мілінкевіча і лічу, што такія дзеянні ўладаў ёсць уціскам за актыўную грамадзянскую і палітычную пазіцыю. Улады імкнуцца хоць якім чынам перашкодзіць нашай дзейнасці, − кажа Аляксей Кавалец.

Лідэр Руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч абураны рашэннем судовай улады.

− Мы абураны гэтым рашэннем, бо апісаныя рэчы ахвяраваныя нашымі прыхільнікамі на дзейнасць грамадскай арганізацыі ПАГА "Рух "За Свабоду", якая на дадзены момант афіцыйна зарэгістраваная і дзейнічае цалкам легальна. Гэта пярэчыць усялякай логіцы і здароваму сэнсу, − лічыць Аляксандр Мілінкевіч.

Нагадаем, 18 лістапада 2008 года судовы выканаўца суда Першамайскага раёна апісаў маёмасць Аляксея Кавальца ў кватэры, якую здымае актывіст. Опіс быў праведзены нібыта дзеля выканання прысуду, па якім у адказчыка, раней прапісанага ў кватэры, павінна быць канфіскавана маёмасць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства