Жанна Літвіна: Высновы пра лібералізацыю СМІ рабіць яшчэ рана
Кіраўніца Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна стрымана ацаніла вынікі "круглага стала" па свабодзе СМІ. На яе думку, меркаваць пра сур’ёзнасць намераў уладаў лібералізаваць заканадаўства аб СМІ можна будзе пасля таго, як яны здзейсняцца. Да таго ж, улады павінны рэальна палепшыць умовы, у якіх працуюць СМІ.
Станоўча спн. Літвіна ацаніла намер праводзіць рэгістрацыю СМІ паводле заяўнага прынцыпу, як і адмову ад абавязковай рэгістрацыі інтэрнэт-рэсурсаў.
Нагадаем, што 4 лютага ў Мінску адбыўся "круглы стол" на тэму "Заканадаўства аб СМІ як фактар развіцця нацыянальнай інфармацыйнай прасторы".
Сустрэчу ладзілі Мінінфармацыі і Беларускі саюз журналістаў. Акрамя таго, удзел у ёй бралі першая намесніца кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Наталля Пяткевіч, кіраўнік Офіса АБСЕ ў Мінску, амбасадар Ханс-Ёхан Шміт, аташэ прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Беларусі Яніс Айзсалніекс, кіраўніцтва Інстытута журналістыкі БДУ і іншых дзяржаўных установаў.
Да ўдзелу ў "круглым стале" былі запрошаныя кіраўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў, прадстаўнікі шэрагу недзяржаўных выданняў: Іосіф Сярэдзіч ("Народная воля"), Васіль Зданюк ("СНплюс. Свободные новости плюс"), Ірына Крыловіч ("Белорусы и рынок"), Андрэй Дынько ("Наша Ніва").