Газеце «Беларускі час» пагражаюць зыскам на 1 мільён долараў
https://spring96.org/be/news/26985
2009
2009-01-30T17:01:21+0200
2009-01-30T17:01:21+0200
1970-01-01T03:00:00+0300
be
Штотыднёвіку Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) «Беларускi Час» пагражае самы буйны ў гісторыі айчынных СМІ зыск — памерам 1 млн. долараў. Яго абяцае падаць супраць выдання дырэктар Аршанскага мясакансервавага камбіната за публікацыю «Зарплата в консервах», калі рэдакцыя тэрмінова не надрукуе абвяржэнне.
Калектыў газеты змясціў на сайце выдання заяву з гэтай нагоды, у якой падрабязна апісаў сітуацыю.
Рэдакцыя тлумачыць, што нагодай для публікацыі сталі «чуткі», якія ўзніклі на пачатку студзеня, — наконт таго, што камбінат нібыта выдае заробак кансервамі. (У прыватнасці, матэрыял на гэтую тэму рабіла 6 студзеня Радыё «Свабода», пасля чаго яго перадрукавалі шмат якія беларускія і замежныя інтэрнет-рэсурсы).Супрацоўніца «Беларускага часу» Людміла Маршаловіч падрыхтавала ўласны матэрыял на гэтую тэму, высветліўшы, між іншым, што заробак грашыма ніхто не адмяняў, а кансервы на прадпрыемстве выдавалі тым, хто жадае. Менавіта пра гэта і распавядалася ў артыкуле, які надрукаваў «Беларускі час», — даводзіць калектыў «БЧ».
Тым не менш, на гэтым тыдні ў рэдакцыю прыйшоў ліст ад генеральнага дырэктара аршанскага мясакансервавага камбіната Аркадзя Няўсіхіна з патрабаваннем абвергнуць артыкул «Зарплата в консервах». Дырэктар заявіў, што апублікаваныя факты нікім не правераныя і не адпавядаюць рэчаіснасці. Ён запатрабаваў апублікаваць абвяржэнне і прынесці публічнае прабачэнне, пагражаючы ў адваротным выпадку выставіць да газеты зыск у памеры 1 мільён долараў — за «падрыў іміджу» прадпрыемства.
Супрацоўнікі «БЧ» прааналізавалі фрагменты артыкула, якія абурылі дырэктара прадпрыемства, і засумняваліся, што ён прачытаў публікацыю цалкам. Абедзьве фразы, да якіх ён выставіў прэтэнзіі, ні думку журналістаў, вырваныя з кантэксту, у выніку чаго змяняецца іх сэнс.
(Першая з іх — «…примерить на себя „рубашку“ работников данного предприятия и выяснить у них, каково это — получать заработную плату мясными консервами…» — у артыкуле заканчвалася словамі «…как упорно утверждали расползшиеся в начале января по городу слухи». За другой фразай — «…немудрено было сделать соответствующие выводы, увидев, как кто-то из работников комбината вез домой на саночках три ящика с тушенкой. А дальше вопрос напрашивался сам собой: а если человеку захочется купить молока, хлеба, того же шампанского к празднику или, скажем, обновку?» — у артыкуле ішло пералічэнне супрацоўнікаў прадпрыемства, якім журналістка адрасавала гэтае пытанне.)
Журналісты не згодныя з высновай дырэктара наконт таго, што «апублікаваная ў артыкуле інфармацыя ўзятая з апазіцыйных крыніцаў», і падкрэсліваюць, што карэспандэнтка збірала інфармацыю ў тым ліку і ў кіраўніцтве прадпрыемства.
Яны агаломшаныя сумай магчымага зыску. Тым больш, што, паводле арт. 153 п. 7 Грамадзянскага кодэкса, юрыдычная асоба не мае права патрабаваць кампенсацыі маральнага ўрону, — падкрэсліваюць супрацоўнікі «БЧ».