Замест мэмарыялу – шматпавярховікі, агароды, гаражы
У Віцебску разгарнулася кампанія супраць забудовы тэрыторыі былога канцлягеру "5-ты полк", дзе былі закатаваныя 120 тысяч ахвяраў фашызму.
Журналісты, партыйцы і актывісты грамадзкіх арганізацый вырашылі падтрымаць пратэст былых вязьняў лягеру сьмерці "5-ты полк", абураных будаўніцтвам жылых дамоў у ахоўнай зоне, дзе некалі вырашылі ўзьвесьці мэмарыял загіблым.
Малалетні вязень Уладзімер Рызо яшчэ напрыканцы 1990-х пачаў пратэставаць супраць узьвядзеньня гаражоў на гэтым жалобным, у тым ліку для яго асабіста, месцы.
– У 1999 годзе ўжо быў распрацаваны праект мэмарыялу, гарадзкія ўлады забаранілі тут будаўніцтва любога кшталту і выдаткавалі першыя грошы на добраўпарадкаваньне тэрыторыі. Праўда, іх хапіла толькі на сьцёкі для дажджавой вады з узгорку ў канцы вуліцы Цітова, дзе быў наш канцлягер. Але неўзабаве нехта з уладаў дазволіў тут будаваць гаражы, і людзі выкопвалі з зямлі косткі, рыхтуючы падмуркі. Я выступіў на сходзе вязьняў, пайшоў да чыноўнікаў, але гаражы ня зьнесьці – толькі загадалі пасадзіць дрэўцы, каб іх не было відаць. А цяпер тут пачалі ўзводзіць жылыя дамы, і гэта я лічу нечуваным кашчунствам! – абураецца Ўладзімер Аляксандравіч.
Былы вязень памятае , што ў гэтым месцы было восем баракаў для зьняволеных – ваеннапалонных і грамадзянскага насельніцтва. Некаторых адсюль высылалі ў Нямеччыну, некаторыя паміралі тут ад хваробаў, голаду і холаду. Уладзімер Рызо зьбірае ўсе дакумэнты пра былы канцлягер на ўскраіне Віцебску і штораз згадвае рапарт нямецкага камэнданта, які пісаў, што дрэннымі ўмовамі ўтрыманьня ён спрыяе хутчэйшай сьмерці соцень людзей – палонных чырвонаармейцаў, якіх тут зьнішчылі першымі, і мясцовых жыхароў, сагнаных сюды насельнікаў Віцебску, Віцебскага і Гарадоцкага раёнаў.
Канцлягер існаваў з 1941 па 1944 гады. Праз 20 год, у 1964-м, недалёка быў пастаўлены сьціплы абэліск з шыльдай. Меркавалася, што да нейкіх "круглых" угодкаў вызваленьня гораду будзе адчынены сапраўдны мэмарыял, зь велічным храмам пасярэдзіне, які стане сымбалізаваць пакаяньне ды скруху. Аднак на колішнія задумы гарадзкое начальства нібыта забылася.
30 тысяч улётак пра несправядлівы лёс мэмарыялу мяркуюць распаўсюдзіць па Віцебску актывісты грамадзкай кампаніі "Наш дом". Паралельна яны зьбіраюць подпісы супраць забудовы тэрыторыі былога лягеру сьмерці. Подпісаў мяркуюць сабраць 15-20 тысяч, а потым перадаць іх у гарвыканкам і аблвыканкам з патрабаваньнем зрабіць тое, што ўжо неаднойчы было паабяцана ўладамі – ушанаваць памяць загінулых тут бязьвінных людзей.