viasna on patreon

Рэалізацыя свабоды асацыяцыяў у Беларусі: аналіз за 2008 год

2009 2009-01-19T19:30:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Становішча з выкананьнем свабоды асацыяцыяў у Беларусі цягам 2008 году было неадназначным. На фоне звыклага неспрыяльнага стаўленьня ўладаў да дзейнасьці незалежных грамадзкіх аб’яднаньняў і апазіцыйных палітычных партыяў з’явіліся новыя тэндэнцыі, зьвязаныя з дыялогам паміж беларускімі ўладамі і Захадам (у першую чаргу з Еўрапейскім Саюзам і асобнымі ягонымі дзяржавамі-ўдзельніцамі, а таксама ЗША). Зьнешнепалітычны фактар ускладніў унутрыпалітычны фон, на якім адбываецца дзяржаўнае рэгуляваньне свабоды асацыяцыяў  у Рэспубліцы Беларусь, пазбавіў яго аднамернасьці.  Гэткая канфігурацыя прымушае ўстрымацца ад адназначных ацэнак свабоды асацыяцыяў і стану няўрадавых арганізацыяў у краіне ў 2008 годзе: адзначаць прынцыповае паляпшэньне ў гэтай сферы было б памылкова, як і канстатаваць адсутнасьць зьменаў.  

З аднаго боку, прававы клімат для стварэньня і дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў і некамерцыйных арганізацыяў іншых формаў заставаўся па-ранейшаму надзвычай неспрыяльным, а ў некаторых сферах нават пагоршыўся (напрыклад, была скасаваная ільгота на арэнду памяшканьняў дзяржаўнай маёмасьці для грамадзкіх аб’яднаньняў). Улады ў абсалютнай большасьці выпадкаў працягвалі ранейшую практыку адвольных адмоваў у рэгістрацыі непажаданых грамадзкіх аб’яднаньняў, аказвалі ціск на зарэгістраваныя няўрадавыя арганізацыі і апазіцыйныя палітычныя партыі, перасьледвалі сябраў незарэгістраваных грамадзка-палітычных аб’яднаньняў і рухаў. Нягледзячы на пратэсты і крытыку з боку беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацыяў, у беларускім заканадаўстве захоўваецца забарона на дзейнасьць незарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў, палітычных партыяў, рэлігійных арганізацыяў і фондаў. Яна падмацаваная прадугледжанай Крымінальным кодэксам адказнасьцю за такую дзейнасьць з магчымым пакараньнем да двух гадоў пазбаўленьня волі. Не было зафіксавана ніякіх незваротных паляпшэньняў у заканадаўстве аб няўрадавых арганізацыях альбо знакаў на тое, што падобныя паслабленьні разглядаюцца ўладамі ў якасьці магчымых.

З іншага боку, назіраюцца некаторыя тэндэнцыі да паслабленьня ўціску структураў грамадзянскай супольнасьці, да адмовы ад найбольш жорсткіх рэпрэсіўных і абмежавальных практыкаў, што ў пэўнай ступені пазітыўна адбіваецца на магчымасьцях рэалізацыі свабоды асацыяцыяў. Так, быў на практыцы лібералізаваны парадак рэгістрацыі такіх формаў некамерцыйных арганізацыяў, як установы і саюзы юрыдычных асобаў. Нязначна спрасьціўся парадак узгадненьня назваў фондаў, адбыліся іншыя захады ў накірунку дэбюракратызацыі стасункаў некамерцыйных арганізацыяў і дзяржаўных органаў. Нягледзячы на тое, што парадак рэгістрацыі грамадзкіх арганізацыяў застаецца складаным і дае магчымасьці для адвольных адмоваў у рэгістрацыі, у 2008 годзе былі зарэгістраваныя шэраг грамадзкіх аб’яднаньняў, у тым ліку здзейсьненая знакавая рэгістрацыя Праваабаронча-асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня “Рух “За Свабоду”. Меньш было перашкодаў для ўстаноўчых сходаў новых арганізацыяў.  Артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу, згодна з якім прадугледжваецца адказнасьць за дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў, выкарыстоўваўся ў 2008 годзе меньш шырока, чым у 2006 і 2007 гадах, а асуджаны па ім у 2006 годзе палітвязень Зьміцер Дашкевіч  быў вызвалены.

Гэтыя невялікія, фрагментарныя і непасьлядоўныя крокі беларускіх уладаў па паляпшэньні стану няўрадавых арганізацыяў і свабоды асацыяцыяў былі выкліканыя ў першую чаргу намерам нармалізаваць стасункі з Захадам. У сувязі з тым, што беларускія ўлады маюць намер працягваць распачаты дыялог, для іх паўстае патрэба пазьбягаць рэзкіх крокаў на ўнутранай арэне, у тым ліку ўстрымлівацца ад найбольш брутальных  рэпрэсіяў супраць няўрадавых арганізацыяў і найбольш жорсткіх абмежаваньняў свабоды асацыяцыяў. Аднак рэальнае набліжэньне да еўрапейскіх стандартаў узаемадзеяньня дзяржавы і грамадзянскай супольнасьці пакуль не з’яўляецца магчымым для сёньняшняга рэжыму. Таму некаторыя паслабленьні, зафіксаваныя ў 2008 годзе ў гэтай сферы, пакуль ня маюць сістэмнага характару, з’яўляюцца кропкавымі і пераважна  выключна дэманстратыўнымі. У пэўнай ступені некаторыя з гэтых паляпшэньняў  (такія, як рэгістрацыя адзінкавых адкрыта апазіцыйных аб’яднаньняў на фоне дзесяткаў іншых адмоваў у рэгістрацыі) могуць быць кваліфікаваныя як сігналы на адрас Захаду. Нязначныя крокі ў сферы практычных палітычных рашэньняў не суправаджаюцца лібералізацыяй заканадаўства аб няўрадавых арганізацыях альбо нават агульнай праваўжывальнай практыкі.

 

На працягу 2008 году значных зьменаў у прававым стане няўрадавых арганізацыяў не адбылося. У тым ліку ў Крымінальным кодэксе захаваўся артыкул 193-1. У красавіку 2008 году па ім была асуджаная актывістка незарэгістраванага “Маладога Фронту” Кацярына Салаўёва з Наваполацку, якой суд прызначыў пакараньне ў выглядзе штрафу памерам 1 млн. 750 тыс. рублёў (прыкладна 830 даляраў ЗША). У красавіку была спыненая крымінальная справа па артыкуле 193-1 за дзейнасць у “Маладым Фронце” супраць моладзевага актывіста з Гомеля Андрэя Цянюты, а ў траўні прыпыненыя адносна актывістаў са Жлобіна і Сьветлагорска Кірыла Атаманчыка і Арсеня Ягорчанкі. Пазьней прымяненьне гэтага артыкула на практыцы зафіксавана не было.

Лідэр “Маладога Фронту” Зьміцер Дашкевіч, асуджаны ў 2006 годзе паводле артыкула 193-1 да пазбаўленьня волі, быў вызвалены ў студзені 2008 году. Нягледзячы на тое, што вызваленьне мела даволі сумнеўнае юрыдычнае афармленьне, ягонае значэньне з’яўляецца велізарным: пасьля гэтай падзеі ў Беларусі за кратамі не засталося вязьняў, асуджаных за ўдзел у грамадзкіх аб’яднаньнях.

Аднак артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу на працягу году выкарыстоўваўся як сродак застрашэньня грамадзкіх актывістаў, у тым ліку і шляхам вынясеньня пракурорскіх папярэджаньняў аб магчымым прыцягненьні да адказнасьці за яго парушэньне. Так, у лістападзе 2008 г. кіраўніку Грамадзкага аб’яднаньня “За вольнае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктару Гарбачову было вынесенае пісьмовае папярэджаньне за подпісам пракурора Барысаўскага раёну Ўладзіміра Шпакоўскага аб магчымым прыцягненьні да крымінальнай адказнасьці па артыкуле 193-1 на падставе таго, што спадар Гарбачоў у інтэрвью медыям выступае ад імя незарэгістравнай арганізацыі.  10 сьнежня падчас размовы з тым жа пракурорам Гарбачова ізноўку папярэдзілі аб магчымай крымінальнай адказнасьці. Пры гэтым ГА “За вольнае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” падавала ў 2007 годзе дакументы на рэгістрацыю ў якасьці нацыянальнага грамадзкага аб’яднаньня, але атрымала адмову ад Міністэрства юстыцыі. Пазьней арганізацыя зарэгістравалася ва Ўкраіне, што, аднак, не перашкодзіла органам пракуратуры трактаваць гэтую структуру як незарэгістраваную.

Ніякіх сігналаў пра магчымае скасаваньне артыкула 193-1 Крымінальнага кодэксу ў 2008 годзе не было зафіксавана.

 

Афіцыйная рэгістрацыя па-ранейшаму заставалася недасяжнай для тых аб’яднаньняў, у шэрагі якіх уваходзяць асобы, што адкрыта заяўляюць пра свае апазіцыныя погляды. Так, са студзеня і да 9 кастрычніка Міністэрствам юстыцыі і абласнымі ўпраўленьнямі юстыцыі было адмоўлена ў рэгістрацыі Сацыяльнаму грамадзкаму аб’яднаньню “БХД” (другая спроба рэгістрацыі), Рэспубліканскаму дабрачыннаму грамадзкаму аб’яднаньню “Каўчэг”, Праваабаронча-асьветніцкаму грамадзкаму аб’яднаньню “Рух “За Свабоду” (трэцяя спроба рэгістрацыі), Сацыяльна-патрыятычнаму грамадзкаму аб’яднаньню “Гарызанталь”, Грамадзкаму аб’яднаньню пенсіянераў “Старшыя”, Сацыяльна-экалагічнаму грамадзкаму аб’яднаньню “Цэнтр падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятываў”, а таксама Грамадзкаму аб’яднаньню “Дзіцяча-юнацкі клюб таэквандо “Хваранг” (Бабруйск), Моладзеваму грамадзкаму аб’яднаньню “Ліга фітнэса” (Менская вобласьць), Моладзеваму грамадзкаму аб’яднаньню “Эолавы арфы” (Магілёўская вобласьць), Моладзеваму грамадзкаму аб’яднаньню “Бетэль” (Віцебск), Саюзу левых партыяў (другая спроба рэгістрацыі), Прафсаюзу малога бізнэсу “Разам” і іншым арганізацыям. У 2008 годзе Рэчыцкі райвыканкам адмовіўся паставіць на ўлік раённую арганізацыю незалежнага Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці, тое ж самае адбылося і са структурай гэтага прафсаюзу ў Магілёве. У жніўні Упраўленне юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкаму сёмы раз запар адмовіла ў рэгістрацыі абласной суполцы  партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада. Тым арганізацыям, якія спрабавалі аспрэчыць рашэньне органаў юстыцыі ў судзе (у тым ліку ПАГА “Рух “За свабоду”, СПГА “Гарызанталь”, ГАП “Старшыя”, СГА “БХД”, было адмоўлена таксама і на судовым узроўні, і рашэньні аб нерэгістрацыі засталіся ў сіле. Судовыя інстанцыі некрытычна падыходзілі да разгляду скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі і ніводнага разу не прымалі рашэньняў аб рэгістрацыі арганізацыяў.

17 кастрычніка Міністэрства юстыцыі  адмовіла  ў рэгістрацыі Грамадзкаму аб’яднаньню беларускіх пенсіянераў “Наша пакаленьне” -- гэта была ўжо трэцяя адмова, атрыманая ініцыятарамі стварэньня аб’яднаньня пенсіянераў на працягу апошніх двух гадоў. 23 кастрычніка Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі Сацыяльна-патрыятычнаму грамадзкаму аб’яднаньню “Гарызанталь”, прычым гэта была паўторная адмова на працягу 2008 году. У лістападзе Магілёўскі гарвыканкам сёмы раз адмовіўся рэгістраваць гарадзкую суполку незалежнага Прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці і іншых галінаў гаспадаркі. Афіцыйная падстава -- адсутнасьць у суполкі юрыдычнага адрасу, прычым гарвыканкам разглядаў пытаньне аб рэгістрацыі са жніўня.

Напрыканцы году ў Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь знаходзіліся на разглядзе, прынамсі, дзьве справы па скаргах на рашэньні Міністэрства юстыцыі аб адмове ў рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў: Сацыяльна-экалагічнага грамадзкага аб’яднаньня “Цэнтр падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятываў” і Сацыяльна-патрыятычнага грамадзкага аб’яднаньня “Гарызанталь”. У абодвух выпадках судовыя справы зацягваліся з-за патрабаваньня органаў юстыцыі правесьці графалагічную эксьпертызу подпісаў некаторых заснавальнікаў арганізацыяў, нягледзячы на тое, што гэтыя асобы з’явіліся ў суд і пацьвердзілі сваё жаданьне ўдзельнічаць у стварэньні гэтых грамадзкіх аб’яднаньняў. Пры гэтым па справе СЭГА “Цэнтр падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятываў” Вярхоўны суд  нават прызначыў паўторную эксьпертызу, няглездячы на тое, што першасная не пацьвердзіла несапраўднасьці подпісаў заснавальнікаў у пададзеных на рэгістрацыю дакументах.

Аналіз прычынаў адмоваў у рэгістрацыі дае падставы сьцьвярджаць, што пры ўмове пісьменна падрыхтаваных дакументаў галоўнай перашкодай застаецца наяўнасьць у шэрагах заснавальнікаў палітычных апанентаў улады. Менавіта для палітычных апанентаў, а таксама для праваабарончых арганізацыяў рэгістрацыя застаецца па-ранейшаму амаль непераадольным бар’ерам.

Сімвалічным знакам стала рэгістрацыя 17 сьнежня з чацьвёртай спробы Праваабаронча-асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня “Рух “За Свабоду” (апошняя адмова ў рэгістрацыі была ўлетку 2008 г) і 18 сьнежня -- Гомельскага абласнога аддзяленьня Партыі БНФ, якое на працягу году безпасьпяхова спрабавала аднавіць легальны статус.

Пасьля рэгістрацыі ПАГА “Рух “За Свабоду” шэраг арганізацыяў, якім раней было адмоўлена ў рэгістрацыі, заявілі пра намер ізноўку паспрабаваць атрымаць легальны статус, сярод іх: Асацыяцыя грамадзкіх аб’яднаньняў “Асамблея” (атрымала адмову ў 2003 г.); Партыя свабоды і прагрэсу (тройчы атрымлівала адмову); Праваабарончы цэнтр “Вясна” (незаконна ліквідаваны ў 2003 годзе, што было прызнана Камітэтам ААН па правах чалавека, атрымаў адмову ў 2007 г.); Грамадзкае аб’яднаньне “За вольнае развіцьцё прадпрымальніцтва” (адмова 2007 г.); “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”, якой было цягам году двойчы адмоўлена ў рэгістрацыі ў якасьці грамадзкага аб’яднаньня (СГА “БХД”), заявіла пра намер зарэгістравацца ў якасьці палітычнай партыі і інш.

 

Агулам да пачатку лістапада 2008 году органамі юстыцыі было зарэгістравана 69 новых грамадзкіх аб’яднаньняў (4 міжнародных, 12 рэспубліканскіх і 53 мясцовых), 9 новых фондаў (3 міжнародных і 6 мясцовых), 2 новых саюзы грамадзкіх аб’яднаньня. Сярод іх: Дабрачыннае грамадзкае аб’яднаньне “Каўчэг” (да гэтага ўвесну 2008 года атрымлівала адмову ў рэгістрацыі), Міжнароднае экалагічнае грамадзкае аб’яднаньне “Прырода і мы”, Грамадзкае аб’яднаньне “Клуб заўзятараў футбольнай каманды БАТЭ”, Дабрачыннае грамадзкае аб’яднаньне “Кропля жыцьця”, Рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне былых вязьняў фашызму канцлагеру «Азарычы», Беларускае грамадзкае аб’яднаньне мэнэджэраў, Дабрачыннае грамадзкае аб’яднаньне “Скала”, Рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне асобасна-арыентаваных псіхатэрапеўтаў, Міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне «Цэнтр падтрымкі спартоўцаў «Гранд», Міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне «Рыцары Утрымера», Беларускае грамадзкае аб’яднаньне выкладчыкаў рускай мовы і літаратуры, Міжнародны дабрачынны фонд дапамогі дзецям «Шанс»,  Міжнародны Альфераўскі фонд падтрымкі адукацыі і навукі, Міжнародны фонд разьвіцьця вясковых тэрыторыяў і іншыя. У траўні 2008 годe Менскім гарадзкім упраўленьнем юстыцыі ў якасьці Менскай гарадзкой арганізацыі было зарэгістраванае Грамадзкае аб’яднаньне параўнальна-прававых дасьледваньняў, заснавальнікі якога раней былі сябрамі “Цэнтру канстытуцыяналізму і параўнальна-прававых дасьледваньняў”, ліквідаванага ў 2005 годзе. За 10 месяцаў 2008 году было зарэгістравана і пастаўлена на ўлік 27 новых арганізацыйных структураў палітычных партыяў, 754 арганізацыйныя структуры прафсаюзаў, 7628 арганізацыйных структураў грамадзкіх аб’яднаньняў. У цэлым гэтыя паказчыкі адпавядаюць колькасьці арганізацыяў, што рэгістраваліся ў 2007 годзе, але перавышаюць паказчыкі 2006 і 2005 гадоў.

 

Што датычыць прымусовай ліквідацыі грамадзкіх аб’яднаньняў і партыяў праз судовыя рашэньні, то ў 2008 годзе беларускія ўлады фактычна адмовіліся ад гэткай практыкі. У тым ліку ў лютым быў адкліканы пазоў Міністэрства юстыцыі ў Вярхоўны суд аб ліквідацыі Партыі камуністаў Беларускай, які быў пададзены 4 студзеня 2008 году на падставе таго, што партыя ажыцьцяўляла дзейнасьць, нягледзячы на ранейшае рашэньне Вярхоўнага суда аб прыпыненьні ейнай дзейнасьці тэрмінам на 6 месяцаў (у якасьці ажыцьцяўленьня дзейнасьці ў гэты перыяд Міністэрства юстыцыі расцаніла стварэньне новых арганізацыйных структураў партыі і ўдзел яе сябраў у міжнародных канферэнцыях).

У лютым 2008 году Міністэрства юстыцыі адклікала з Вярхоўнага суда пазоў аб прыпыненьні дзейнасьці Рэспубліканскага праваабарончага грамадзкага аб’яднаньня “Беларускі Хельсінскі камітэт”, пададзены на падставе наяўнасьці ў арганізацыі запазычанасьці па падаткавых санкцыях. Тым ня меньш, самі падаткавыя санкцыі з гэтага грамадзкага аб’яднаньня не былі зьнятыя, і арганізацыя вінная дзяржаўнаму бюджэту больш за 180 мільёнаў рублёў (звыш 80 тысячаў даляраў) за парушэньні, быццам бы здзейсьненыя падчас рэалізацыі праекта, прафінансаванага ў межах праграмы Еўрапейскай камісіі яшчэ ў 2002-2003 гадах. З-за наяўнасьці такіх вялікіх запазычанасьцяў “Беларускі Хельсінскі камітэт” пазбаўлены магчымасьці карыстацца сваім банкаўскім рахункам, а любыя ахвяраваньні альбо іншыя сродкі, што патрапяць на яго, павінны быць сьпісаныя на карысьць дзяржавы.

Было зафіксавана толькі адно паведамленьне аб ліквідацыі грамадзкага аб’яднаньня ў сувязі з канфліктамі фінансавага кшталту сярод ягоных удзельнікаў: Міністэрства юстыцыі на падставе скаргі аднаго з заснавальнікаў зьдзейсьніла праверку дзейнасьці Грамадзкага аб’яднаньня “Міласэрднасьць дзецям”, паводле вынікаў якой быў пададзены пазоў у суд аб ліквідацыі.

Удзел кіраўнікоў і сябраў некаторых грамадзкіх аб’яднаньняў і палітычных партыяў у масавых мерапрыемствах (мітынгі, сходы і шэсьці) стаў падставай для праверкі з боку Міністэрства юстыцыі. Так, ад Партыі камуністаў Беларускай, Партыі БНФ і Аб’яднанай грамадзянскай партыі былі запатрабаваныя тлумачэньні адносна ўдзелу іх сябраў у мітынгу пратэсту прадпрымальнікаў, які адбыўся 10 студзеня 2008 году ў Менску. Аднак пасьля дадзеных партыямі тлумачэньняў далейшых наступстваў гэты інцэдэнт ня меў, папярэджаньні альбо захады па ліквідацыі названых структураў не прадпрымаліся. У той жа час Міністэрства юстыцыі неадкладна пасьля ўзгаданай масавай акцыі падало пазоў аб ліквідацыі Рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня “Персьпектыва”, якое займаецца адстойваньнем інтарэсаў дробных прадпрымальнікаў і лідэр якога быў арыштаваны за ўдзел у дадзенай дэманстрацыі. Але затым пазоў аб ліквідацыі быў адкліканы з Вярхоўнага суда. Пазьней аналагічным чынам ад палітычных партыяў  былі запатрабаваныя дадзеныя аб удзеле іх сябраў у акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў парламенцкіх выбараў 28 верасьня.

Такім чынам, органы юстыцыі і суды ў 2008 годзе амаль не выкарыстоўвалі ліквідацыю як самую жорсткую санкцыю супраць грамадзкіх аб’яднаньняў і палітычных партыяў. Пры гэтым у параўнаньні з мінулымі гадамі відавочна паменьшылася і колькасьць меньш жорсткіх санкцыяў, а менавіта -- пісьмовых папярэджаньняў, аднак практыка іх прымяненьня захоўвалася. У красавіку Міністэрства юстыцыі вынесла пісьмовае папярэджаньне Грамадзкаму аб’яднаньню “БНФ “Адраджэньне” ў сувязі з тым, што яе Гарадзенская абласная структура ня мела юрыдычнага адрасу. Спроба абскардзіць папярэджаньне ў Вярхоўным судзе ня дала плёну, і 6 траўня ўпраўленьне юстыцыі зьняло з уліку Гарадзенскую абласную арганізацыю, фактычна ліквідаваўшы яе нават да вынясеньня рашэньня Вярхоўнага суда па дадзенай спрэчцы. У лютым 2008 году Вярхоўны суд таксама не задаваліў скаргу Кансерватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ  на пісьмовае папярэджаньне, вынесенае за распаўсюд звароту да службовых асобаў, выканкамаў, установаў адукацыі, органаў юстыцыі пракуратуры ды іншых “Асіміляцыя – злачынства супраць чалавецтва” (пры гэтым суд адмовіўся ад правядзеньня лінгвістычнай эксьпертызы гэтага ліста, які, на думку міністэрства, утрымліваў  грубыя паклёпніцкія выпады ў дачыненьні да нацыянальнай палітыкі Расійскай Федэрацыі). У студзені 2008 году было вынесенае пісьмовае папярэджаньне Аграрнай партыі.

 

Па-ранейшаму няўрадавыя аб’яднаньні знаходзіліся пад пільным кантролем органаў юстыцыі. Так, за дзесяць месяцаў 2008 году Міністэрствам юстыцыі без уліку праверак мясцовых арганізацыяў была здзейсьненая 41 праверка дзейнасьці рэспубліканскіх грамадзкіх  аб’яднаньняў (колькасьць праверак меньшая за папярэднія гады).  Паводле паведамленьня самога міністэрства, выкрытыя падчас праверак недахопы ў дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў былі выпраўленыя “ў працоўным парадку” і не прывялі да ўжываньня санкцыяў. Кантрольная актыўнасьць адносна палітычных партыяў асабліва павялічылася падчас падрыхтоўкі да парламенцкіх выбараў. У надзвычайным парадку і без уліку патрабаваньняў заканадаўства былі здзейсьненыя праверкі з’ездаў усіх партыяў па вылучэньні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Актыўна праводзіліся праверкі дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў з боку падаткавай інсьпекцыі ды іншых кантрольных дзяржаўных органаў. У ліпені 2008 году падаткавая інспекцыя цікавілася дзейнасьцю Партыі БНФ, а ў жніўні ў сядзібу гэтай партыі прыйшлі з праверкаю супрацоўнікі пажарнай службы Савецкага раёну Менску, якія прад’явілі шэраг заўваг адносна памяшканьня сакратарам Управы партыі.  Праз месяц офіс Партыі БНФ наведаў чыноўнік Міністэрства юстыцыі. Таксама вядома пра праверкі праваабарончых арганізацыяў -- Рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня “Прававая ініцыятыва” і Рэспубліканскага праваабарончага грамадзкага аб’яднаньня “Беларускі Хельсінскі камітэт” (у апошнім выпадку праверка з боку падаткавай інспекцыі ня выявіла новых парушэньняў). Адзначым, што падаткавыя праверкі ажыцьцяўляліся і ў дачыненьні да тых арганізацыяў, якія былі даўно ліквідаваныя: правяраліся ліквідаванае ў 2003 годзе Грамадзкае аб’яднаньне “Беларускі фонд “Касіяпея” і ліквідаваная амаль дзесяць гадоў таму  “Беларуская Еўраатлантычная Асацыяцыя”.

19 сьнежня прэзідэнт выдаў Указ № 689 “Аб некаторых мерах па ўдасканаленьні кантрольнай і надзорнай дзейнасьці ў Рэспубліцы Беларусь”, згодна з якім на шэсьць месяцаў прыпыняецца ажыцьцяўленьне праверак і рэвізіяў дзейнасьці ўсіх юрыдычных асобаў, у тым ліку грамадзкіх аб’яднаньняў. Гэта можа стаць крокам па зьмяншэньні кантрольнага прэсу на няўрадавыя арганізацыі і палітычныя партыі.

 

Акрамя афіцыйных праверак, улады іншымі спосабамі ўмешваліся ў дзейнасьць арганізацыяў без законных на тое падставаў. Так, 18 лістапада, яшчэ да афіцыйнай рэгістрацыі Руху “За свабоду”, на ягоны офіс прыйшлі судовыя выканаўцы і міліцыянты. Яны апісалі ўсю маёмасьць арганізацыі, спасылаючыся на судовае рашэньне, датычнае мінулых гаспадароў памяшканьня. У сакавіку 2008 году ў Воршы быў здзейсьнены незаконны вобыск на офісе, дзе месьціцца шэраг няўрадавых арганізацыяў, у выніку якога была сканфіскаваная друкаваная прадукцыя.

 

Беларускія ўлады і ў 2008 годзе ня выканалі рашэньняў Камітэту па правах чалавека ААН, згодна з якімі адмовы ў рэгістрацыі і ліквідацыі беларускіх няўрадавых арганізацыяў прызнаныя неабгрунтаванымі і парушаючымі Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. На дадзены момант у дачыненьні да Рэспублікі Беларусь вынесеныя тры рашэньні Камітэту, датычныя парушэньня свабоды асацыяцыяў: адмова ў рэгістрацыі Праваабарончага грамадзкага аб’яднаньня “Хельсінкі - ХХІ” (падзеі 2001 г.);  ліквідацыя ў судовым парадку Гомельскага абласнога грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы” (падзеі 2003 г.);  ліквідацыя ў судовым парадку Грамадзкага аб’яднаньня “Праваабарончы цэнтр “Вясна” (падзеі 2003 г.).

У кастрычніку 2008 году Уладзімір Кацора, сябра ліквідаванага ГАГА “Грамадзянскія ініцыятывы”, зьвярнуўся ў Канстытуцыйны суд з патрабаваньнем выканаць рашэньне Камітэту па правах чалавека аб аднаўленьні дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня. Аналагічныя звароты былі накіраваныя ў МЗС і Міністэрства юстыцыі, але на ўсе былі атрыманыя адмоўныя адказы.

У траўні 2008 году ў Вярхоўным судзе была разгледжаная наглядная скарга Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча на рашэньне Вярхоўнага суда ад 26 кастрычніка 2007 году, згодна з якім рашэньне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі Грамадскага праваабарончага аб’яднаньня “Вясна” было пакінута ў сіле. Заснавальнікамі гэтай арганізацыі выступілі сябры ліквідаванага ў судовым парадку Грамадзкага аб’яднаньня “Праваабарончы цэнтр “Вясна”, якія меркавалі, што рэгістрацыя новай арганізацыі можа быць адэкватным узнаўленьнем іх права на асацыяцыю, парушэньне якога было зафіксаванае рашэньнем Камітэта па правах чалавека ААН. Аднак і ў гэтым выпадку  Вярхоўны суд палічыў, што скарга не падлягае задавальненьню.

На дадзены момант беларускія ўлады дэманстратыўна і сьвядома адмаўляюцца выконваць рашэньні Камітэту па правах чалавека ААН, дзе знаходзяцца яшчэ некалькі скаргаў з Беларусі, датычных ліквідацыяў альбо адмоваў у рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў.

 

У красавіку 2008 году, згодна з актамі прэзідэнта, былі скасаваныя ільготныя стаўкі арэнды памяшканьняў дзяржаўнай уласнасьці для няўрадавых арганізацыяў, а пазьней –памяшканьняў камунальнай (г.з., мясцовага ўзроўню) уласнасьці. Паколькі наяўнасьць офіснага памяшканьня для юрыдычнага адрасу грамадзкага аб’яднаньня застаецца абавязковай ўмовай згодна з беларускім заканадаўствам, сотні няўрадавых арганізацыяў былі вымушаныя плаціць у дзесяць разоў болей за свае офісы. Пры гэтым улады перайшлі да практыкі кропкавага прадастаўленьня ільготных ставак арэнды -- іх без перашкодаў атрымліваюць праўрадавыя арганізацыі, а апазіцыйныя і незалежныя ў пераважнай большасьці вымушаныя плаціць падвышаны кошт арэнды. Адмена ільготных ставак арэнды памяшканьняў балюча ўдарыла па дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў, паставіўшы многія з іх на мяжу існаваньня.

Так, у сьнежні кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня “Цэнтр па правах чалавека” Раіса Міхайлоўская заявіла пра магчымае спыненьне дзейнасьці арганізацыі з-за павышэньня арэнднай платы са 109 да 480 еўра ў месяц (арганізацыя карыстаецца памяшканьнем з 1998 году). У сьнежні было пазбаўленае памяшканьня “Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры” за тое, што ня здолела плаціць арэнду па новых тарыфах. Пра непамерны цяжар новых ставак арэнднай платы заяўлялі “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”, “Беларуская асацыяцыя юрысконсультаў”, “Беларускі саюз прадпрымальнiкаў”, “Беларускае таварыства ацэншчыкаў”, “Беларуская асацыяцыя журналiстаў”, “Беларускі фонд культуры”.

Рашэньнем адмысловага органу, які вызначае ільготныя стаўкі арэнды памяшканьняў (Рэспубліканская камісія па ўпарадкаваньні выкарыстаньня адміністрацыйных будынкаў, пабудоваў, вытворчых плошчаў ды іншых аб’ектаў дзяржаўнай уласнасьці), ільготы па арэнднай плаце былі прадастаўленыя ўсім партыям, якія падтрымліваюць дзеючую ўладу. Адначасова ўсім апазіцыйным партыям і многім няўрадавым арганізацыям у прадастаўленьні ільготаў было адмоўлена: падобныя адмовы атрымалі Грамадзкае аб’яднаньне БНФ “Адраджэньне”, “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” і інш. Толькі некаторыя грамадзкія арганізацыі здолелі дамагчыся вяртаньня ранейшых ільготных ставак арэнды, сярод іх: Грамадзкае аб’яднаньне “Азбука прадпрымальніцтва”, “Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў”.

У жніўні 2008 году камунальныя службы Савецкага раёну Менску пагражалі Партыі БНФ скасаваць дамову арэнды памяшканьня. 4 сьнежня “Рэгіянальны цэнтр інвалідаў Менскай вобласьці”, які зьяўляецца структурным падразьдзяленьнем Рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня інвалідаў вайны ў Аўганістане, атрымаў паведамленьне аб непрацягненьні дамовы арэнды памяшканьня з патрабаваньнем вызваліць офіс да пачатку 2009 году, хаця карыстаецца ім больш за дваццаць гадоў.

 

На працягу 2008 году фіксаваліся факты перашкодаў і прыцягненьня да адміністратыўнай адказнасьці за правядзеньне ўстаноўчых сходаў грамадзкіх аб’яднаньняў, што практыкавалася і ў мінулыя гады. Так, 29 сьнежня суд Клецкага раёну аштрафаваў на 30 базавых велічыняў мясцовага актывіста Сяргея Панамарова за правядзеньне 7 сьнежня сустрэчы па стварэньні пярвічнай гарадзкой арганізацыі “Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры”.

Адначасова ўлады адмаўлялі грамадзкім актывістам і няўрадавым аб’яднаньням у правядзеньні сходаў і мітынгаў, накіраваных на рэалізацыю іх статутнай дзейнасьці. Напрыклад, не былі задаволеныя заяўкі сябра “Беларускага Хельсінскага камітэту” Паўла Левінава на правядзеньне пікетаў 10 сьнежня з нагоды 60-годдзя Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. У кастрычніку ўлады Менску адмовілі Партыі БНФ у арэндзе памяшканьня для сьвяткаваньня 20-годзьдзя стварэньня партыі. Выканкам Менску забараніў правядзеньне 1-га лістапада на сталічнай плошчы Бангалор дабрачыннага канцэрту ў межах агульнанацыянальнай кампаніі “Беларускую кнігу – дзецям”, дзе меліся выступіць вядомыя беларускія выканаўцы.

***

Ацэньваючы ўплыў зьнешнепалітычнага фактара на трансфармацыю палітыкі беларускіх уладаў у сферы рэгуляваньня свабоды асацыяцыяў і няўрадавых арганізацыяў, нельга не ўлічваць значэньня тых дакументаў, якімі Еўрапейскі Саюз пазначае шлях да магчымых паляпшэньняў. Ужо ў вядомым дакуменце 2006 году “Што Еўрасаюз можа даць Беларусі” ўсталяваньне павагі да свабоды асацыяцыяў у Беларусі было ў агульных рысах пазначанае як  адна з неабходных умоваў, якія беларускі ўрад мусіць выканаць для разгортваньня беларуска-еўрапейскага дыялогу. Сфармуляваная ў самых агульных словах, тым ня меньш, гэтая ўмова прадэманстравала беларускім уладам, наколькі вялікае значэньне іх еўрапейскія партнёры па дыялогу надаюць дзейнасьці грамадзянскай супольнасьці.

У 2008 годзе гэтая ўмова знайшла сваё разьвіцьцё ў новых дакументах еўрапейкіх структураў, дзе яна была канкрэтызаваная і дзе былі пазначаныя паказчыкі і некаторыя крытэрыі для ацэнкі зьменаў, што адбываюцца ў Беларусі. Рэзалюцыя Еўрапейскага парламенту ад 9 кастрычніка 2008 г. заклікала беларускі ўрад зьняць перашкоды для стварэньня і дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў (арт. 8, пункт с), а таксама скасаваць крымінальную адказнасьць за дзейнасьць незарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў, фондаў, рэлігійных арганізацыяў, палітычных партыяў праз выключэньне артыкула 193-1 з Крымінальнага кодэксу (арт. 8, пункт а). Прыняцьцё гэтай рэзалюцыі і пазначэньне шасьцімесячнага перыяду для яе магчымага выкананьня стала важным пунктам адліку для  ацэнкі рэальных зьменаў у Беларусі. Няўрадавыя арганізацыі краіны віталі гэтыя патрабаваньні еўрапейскіх структураў і, дзеля насычэньня іх канкрэтным зьместам, выпрацавалі сваю трактоўку магчымых дзеяньняў па іх выкананьні. Найбольш важнымі для беларускай грамадзянскай супольнасьці былі прызнаныя наступныя крокі:

1. Скасаваньне артыкула 193-1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, які карае за ўдзел у дзейнасьці незарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў, палітычных партыяў, рэлігійных арганізацыяў альбо фондаў. Пры гэтым не дастаткова простай адмовы ад ужываньня гэтых артыкулаў на практыцы, бо сама наяўнасьць у заканадаўстве пакараньня за грамадзкую дзейнасьць робіць немагчымым нармальнае разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці, заганяе яе ў падпольле. Скасаваньне крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць незарэгістраваных ініцыятываў і групаў таксама вымагае ўнясеньня зьменаў у Закон “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”, Закон “Аб палітычных партыях” і іншыя акты беларускага заканадаўства, якія ўтрымліваюць забарону на дзейнасьць незарэгістраваных групаў.

2. Спыненьне практыкі адвольных адмоваў у рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў і палітычных партыяў, стварэньне якіх ініцыюецца апанентамі дзеючай улады. У прыватнасьці, у якасьці сьведчаньня адыходу ад палітычна матывавыных адмоваў у рэгістрацыі аб’яднаньняў магла б разглядацца рэгістрацыя тых арганізацыяў, якім ужо неаднаразова было адмоўлена ў рэгістрацыі па сумнеўных з юрыдычнага пункту гледжаньня матывах: Грамадзкае аб’яднаньне “Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Сацыяльна-патрыятычнае грамадзкае аб’яднаньне “Гарызанталь”, Сацыяльнае грамадзкае аб’яднаньне “БХД” і іншыя. Аб’яднаньні і кааліцыі палітычных партыяў, такія як Саюз левых партыяў, павінны мець рэальную магчымасьць зарэгістравацца, таксама як і мясцовыя арганізацыйныя структуры палітычных партыяў.

3. Выкананьне рашэньняў Камітэту па правах чалавека ААН адносна выпадкаў неправамернага абмежаваньня свабоды асацыяцыяў з боку беларускага ўраду. Кампетэнцыя гэтага органа разглядаць выпадкі парушэньня правоў чалавека ў Беларусі прызнаная беларускай дзяржавай, аднак дагэтуль ягоныя рашэньні па канкрэтных справах не выконваюцца беларускім бокам. У прыватнасьці, гэта тычыцца рашэньняў Камітэту па правах чалавека ААН у справах неправамернай ліквідацыі Грамадзкага аб’яднаньня “Праваабарончы цэнтр “Вясна” і Гомельскага абласнога грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы”. Узнаўленьне правоў сябраў гэтых аб’яднаньняў магчымае двума шляхамі: праз перагляд раней прынятых судовых рашэньняў аб ліквідацыі гэтых асацыяцыяў альбо праз іх рэгістрацыю у якасьці новых арганізацыяў.

4. Скасаваньне забароны на выкарыстаньне ў якасьці юрыдычнага адрасу некамерцыйных арганізацыяў (грамадзкіх аб’яднаньняў, палітычных партыяў, фондаў, установаў) прыватных кватэраў, якія належаць іх заснавальнікам. Цяпер гэтая забарона рэалізуецца на практыцы на падставе артыкула 272 Грамадзянскага кодэксу і артыкула 8 Жыльлёвага кодэксу. Скасаваньне забароны можа быць ажыцьцёўленае праз прыняцьцё асобнага нарматыўнага акту паводле аналогіі з Дэкрэтам прэзідэнта №29 ад 17 сьнежня 2002 г., які ўсталяваў законнасьць разьмяшчэньня юрыдычных адрасоў унітарных прадпрыемстваў па месцы жыхарства заснавальніка.

5. Заканадаўчае замацаваньне прадстаўленьня грамадзкім аб'яднаньням, палітычным партыям, прафсаюзным арганізацыям права ільготнай арэнднай стаўкі пры разьмяшчэньні сваіх юрыдычных адрасоў у арандаваных памяшканьнях, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасьці.

6. Адмова ад стварэньня перашкодаў для правядзеньня ўстаноўчых і іншых сходаў, што ладзяцца грамадзкімі арганізацыямі альбо ініцыятыўнымі групамі ці аргкамітэтамі.

Выкладзеныя пункты на прапанову Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў былі ўключаныя ў дакумент “Прыярытэты Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі ў зьменах заканадаўства для дэмакратызацыі становішча ў краіне цягам бліжэйшых 6 месяцаў”, які быў ухвалены на сумеснай нарадзе прадстаўнікоў палітычных і грамадзкіх арганізацыяў Беларусі 20 кастрычніка 2008 году.

Пры гэтым варта адзначыць, што пункт аб дэкрыміналізацыі дзейнасьці незарэгістраваных арганізацыяў з’яўляецца прынцыповай і першачарговай умовай -- такое меркаваньне зьяўляецца канвенцыйна ўзгодненым пераважнай большасьцю беларускіх праваабаронцаў. Кансэнсус на гэты конт быў дасягнуты на канферэнцыі “193-1: Бягучае становішча і шляхі пераадоленьня наступстваў”, што адбылася 29-30 траўня 2008 году ў Вільні. У канферэнцыі бралі ўдзел прадстаўнікі Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў, вядучых праваабарончых арганізацыяў Беларусі (Праваабарончы цэнтр “Вясна”, “Беларускі Хельсінскі камітэт”, “Прававая ініцыятыва”, “Магілёўскі праваабарончы цэнтр”, Рух “За Свабоду”, “Фонд разьвіцьця прававых тэхналогіяў”, “Праваабарончы альянс”, “Прававая дапамога насельніцтву”) і іншых зацікаўленых у праблеме арганізацыяў, а таксама прадстаўнік “Швецкай ініцыятывы за дэмакратыю і правы чалавека”. 

 
Відавочна, што ясна заяўленыя еўрапейскімі структурамі прапановы паўплывалі на стаўленьне Рэспублікі Беларусь да пытаньня выкананьня свабоды асацыяцыяў. Аднак урад пакуль устрымліваецца ад унясеньня зьменаў у заканадаўства, якія б зрабілі паляпшэньне становішча няўрадавых арганізацыяў сістэмным і незваротным, незалежным ад палітычнай кан’юнктуры.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства