viasna on patreon

Мужчыны на продаж

2009 2009-01-14T16:11:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Міжнародная арганізацыя міграцыі зацікавілася праблемай гандлю мужчынамі. У дакладзе, падрыхтаваным экспэртамі арганізацыі, фігуруе і Беларусь. Беларускія мужчыны ўсё часьцей становяцца ахвярамі жорсткай працоўнай эксплюатацыі.

У дакладзе Міжнароднай арганізацыі міграцыі асаблівая ўвага надаецца гандлю мужчынамі з Украіны і Беларусі. На Беларусь прыпадае 17% усіх ахвяраў гандляроў “жывым таварам мужчынскага полу”. (На Ўкраіну — 28%). Дасьледаваньне праводзілі незалежныя экспэрты на падставе апытаньняў пацярпелых. Мужчын зь Беларусі і Ўкраіны прадаюць у мэтах працоўнай эксплюатацыі ў асноўным на будаўнічыя аб’екты ў Расеі.

Супрацоўніца прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі міграцыі ў Беларусі Натальля Жак пацьвярджае:

“У нас цяпер нашмат больш справаў па працоўнай эксплюатацыі. Іншая рэч, што іх вельмі цяжка расьсьледаваць, бо трэба ехаць у краіну прызначэньня і там зьбіраць інфармацыю. А для гэтага патрэбныя грошы”.

Будаўнік Раман зь вёскі Верамейкі Магілёўскай вобласьці ня раз езьдзіў на заробкі ў Расею. Вось што ён распавёў пра ўмовы працы:

“Быў працоўны дзень 12-14 гадзін, ніякіх выходных. Калі нас вэрбавалі на месяц, то трымалі па 2-3 месяцы, не давалі заробленыя грошы. Была сыстэма штрафаў. Напрыклад, за размову па мабільным тэлефоне — штраф 500 расейскіх рублёў. Жылі ў бараках, калі хто ў бараку закурыў — гэта яшчэ 500 рублёў на першы раз, на другі — 1 тысяча рублёў. Калі ня выйшаў на працу — 5 тысяч. Аднаму хлопцу з Крычава на нагу ўпала панэль, раздрабіла пальцы. Яго адразу ж разьлічылі і першым рэйсам адправілі ў Крычаў. Калі камусьці штосьці не падабалася, размова была кароткай: “Давайте, ребята, на историческую родину и там качайте свои права”.

У дакладзе Міжнароднай арганізацыі міграцыі адзначаецца, што некаторыя ахвяры, у асноўным непаўналетнія хлопчыкі, становяцца прадметам сэксуальнай эксплюатацыі. Гэта тычыцца ў асноўным Расеі. Некаторых выкарыстоўваюць як жабракоў. Беларусы ў гэтым разьдзеле пакуль не фігуруюць, кажа супрацоўніца прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі міграцыі ў Беларусі Натальля Жак:

“Я сама бачыла гэтае дасьледаваньне. Там канкрэтна пра сэксуальную эксплюатацыю беларускіх мужчын ня пішацца. Гэта больш уласьціва Ўкраіне. Прынамсі, у нас яшчэ такой статыстыкі няма, хаця, як гаворыцца, дзе капнеш — там і знойдзеш. Проста, можа, мы яшчэ не дайшлі да гэтага, яшчэ не было такіх спраў і не было пацярпелых”.

Дасьледаваньне Міжнароднай арганізацыі міграцыі мае на мэце прыцягнуць увагу да небясьпек, якія чакаюць людзей, што наважыліся на нелегальную працоўную міграцыю.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства